Ніва № 25 (2354), 24 чэрвеня 2001 г.

У ваенным Беластоку

Алена АНІШЭЎСКАЯ

Вяртанне ў Белавеж

Развітваючыся са сваякамі ў Тапалянах былі мы ўсхваляваныя. Не ведалі, калі зноў убачымся, ці ўсе шчасліва даедзем на месца. Плакала наша бабуля Аляксандра, хвалявалася, як мы без бацькі дамо сабе рады. „Дзякуйце Богу, што хоць ваша хата ўцалела”, — казала, прытуляючы да сябе ўсіх нас. Мо яна прадчувала, што больш не ўбачымся? Сваякі нашы збіраліся ў Беласток, дзе асталіся яшчэ дзядзька Мікалай, малодшы брат мамы з сям’ёй і сястра Ганна з мужам і дваімі дзяцьмі.

Аднавяскоўцы ўжо раней дамаўляліся як арганізаваць вяртанне на радзіму, калі перажывуць ваенную навальніцу. Некаторыя вырашылі, што астануцца ў Беластоку. Вёскі спаленыя, зямля благая, ды і як дастацца дзесьці пад Глыбокі Кут, на Чадзель ці яшчэ далей. Ведаю, што шмат прывезеных тады беларусаў асталося ў Беластоку.

Пасля начлегу ў Нараўцы (прынялі нас добрыя людзі) Валодзя Шышук накіраваўся на пушчанскія вёскі Буды, Тэраміскі, Пагарэльцы, каб як найкарацейшай дарогай дастацца ў Белавеж. Вёскі тыя таксама пацярпелі ад вайны: часткова спаленыя, жыхары вывезены. Доўжылася нам дарога — так хацелася чым хутчэй быць на сваім двары, у сваёй хаце. Урэшце пад’ехалі пад свае вароты. Мама знайшла прыхаваны дзесь ключ, адсунула засаўку, першая ўвайшла ў хату, прайшла праз кухню ў пакой, пусты, са знішчанымі абоямі, узмалілася: „Дзякуй Табе, Госпадзе, што вярнуў нас у сваю хату”. Перахрысцілася глянуўшы на покуць, дзе не было іконы.

У нас усіх было адно жаданне, каб як хутчэй вярнулася Оля і наш бацька. Мы ніяк не маглі пагадзіцца з думкай, што бацьку маглі расстраляць.

Неўзабаве ў хату прыйшла кошка Мурка. Мы ўцешыліся і палічылі гэта добрым знакам на будучыню. Суседка сказала, што яна ўвесь час трымалася свайго двара, начавала ў клуні, лавіла мышэй, а за малаком заходзіла да суседкі Фраліхі, якая нейкі час жыла ў нашай хаце.

Вярнуліся мы дадому амаль так як стаялі. У кухні захаваліся стол і лава, на якой калісьці ставілі вёдры, у спальні — ложак, зроблены столярам, Ліцьвіном, па заказе бацькі. Мы нават здзівіліся, чаму ён нікому не спатрэбіўся? На гарышчы быў мамін калаўротак і прылады для апрацоўкі ільну. Усенька цешыла нас. Каля Успення Божай Маці мама яшчэ раз адбыла небяспечнае падарожжа ў Беласток. Паехала з суседам па наш скромны дабытак — пасцель, вопратку, посуд і некалькі набытых рэчаў — столік, пару крэслаў і шафку. Плаціць не было чым, але мы паабяцалі суседу, што адпрацуем — восенню капалі бульбу, а пасля пралі лён.

Вайна яшчэ бушавала на захадзе, а ў Белавежы паволі наладжвалася мірнае жыццё. Спярша мясцовасцю ўпраўляў ваенны камісар, а пасля ўстанавіўся самаўрад — войт і гміна. Дайшлі весткі аб Польскім камітэце нацыянальнага вызвалення, які ўзнік у Любліне. Сярод пушчы, амаль тут жа за нашымі Падалянамі, устанавілі дзяржаўную мяжу між Польшчай і Савецкім Саюзам. Спярша людзі не верылі, што гэта сапраўдная граніца. Усіх, хто вяртаўся туды прапускалі, назад у Польшчу нельга было дастацца. Так і асталася ў цёткі Ганулі мая сястра Оля. Мы чакалі, што калі закончыцца вайна, то тады зможам неяк яе дастаць адтуль. Калі пасля вайны адбывалася рэпатрыяцыя польскага насельніцтва з-за Буга, ёй было 15-16 гадоў. Няпоўналетняй нельга было пакарыстацца гэтай магчымасцю. Атрымоўвалі мы лісты ад Олі, верылі, што калісьці сустрэнемся з ёю і тая надзея аблягчала нашу недарэчлівую разлуку.

Цяжка было змірыцца з думкай, што бацька наш не вернецца ніколі. Былі такія, што пацяшалі нас: „Малады быў, рослы, здаровы, такіх адпраўлялі дзесь у шахты. Можа яшчэ вернецца — чакайце”. А яму было ўсяго 37 гадоў! Але былі і такія, што ведалі праўду. Белавеж немцы зрабілі месцам пакарання смерцю не толькі мясцовых, але звозілі сюды нявінных жыхароў іншых мясцовасцей і тут іх вешалі (шыбеніца стаяла перад царквою, а вешалі публічна — прымусова зганялі людзей глядзець гэты здзек).

Масавыя расстрэлы адбываліся пераважна ў пушчы. Фашысты выкарыстоўвалі дзеля гэтага глыбокія ямы, з якіх раней людзі выбіралі гравій. Мясцовыя звалі іх жвіроўнямі. Адна такая яма знаходзілася ўсяго 1 км за Падалянамі (легла там ад варожых куль некалькі соцень асоб), другая — за Броўскай дарогай, а трэцяя ў Перарове — урочышчы ў 10 км ад Белавежы па шашы ў Пружаны (цяпер гэтае месца знаходзіцца ў беларускай частцы пушчы). У Перарове ляжыць наш бацька, наша дваюрадная сястра Лідзія, якой тады было ўсяго 21 год, мой хросны бацька Афанасій Турык і іншыя падалянцы. Ляжаць там беларусы, палякі, яўрэі, не толькі з Белавежы і наваколля. Колькі іх там дакладна — невядома. Устаноўлены прозвішчы каля 100 асоб. Штогод у першую нядзелю жніўня адбываюцца тут жалобныя мітынгі, сустракаюцца сем’і загінуўшых. Першая паніхіда ў іх памяць адслужана была ў белавежскай царкве пасля заканчэння вайны, у першую нядзелю жніўня 1945 года. Ініцыятарам урачыстасці была Вольга Несцераўна Смактуновіч, мясцовы лекар і грамадская дзяячка, муж якой — Сцяпан Смактуновіч — таксама загінуў у Перарове.

Прыйшлося і нам пагадзіцца з балючай праўдай, што бацькі нашага няма ў жывых. Страшэнна цяжкія былі для нас, асабліва для нашай дарагой маці, два першыя пасляваенныя гады. Усё ж памалу наладжвалася жыццё. У 1946 годзе я пакінула Белавеж і паехала за працай і навукай у Беласток. Сваімі скромнымі заробкамі дзялілася я з мамай. Сястра і брат хадзілі ў школу. Кожны месяц старалася я нешта завезці дадому — харчы, адзенне дзецям, каб маглі зімой хадзіць у школу. Мама як магла так узнімала гаспадарку. Ад прыязнай нам сям’і Ліцьвіноў дастала цёлку, гадавала карову. Купіла і парасятка. Працавала цяжка ў якасці гаспадыні і гаспадара — касіла, малаціла, усенька рабіла. Пасля, калі я стала больш зарабляць, жыць стала лягчэй. Магла я дапамагчы грашыма.

Пасля вайны ў знішчанай краіне ўсім было цяжка, асабліва сем’ям, у якіх не было гаспадара, каго знішчылі так як нас. Але была надзея: вайна скончылася, перажылі найгоршае, то і жыццё некалі наладзіцца.


папярэдні адрэзак        заканчэнне