Ніва № 20 (2349), 20 мая 2001 г.

У ваенным Беластоку

Алена АНІШЭЎСКАЯ

Мая праца ў беларускай школе

Калі я захварэла туберкулёзам, мой добры апякун доктар Ганкевіч накіраваў мяне на лекарскую камісію. Там атрымала я пасведчанне, што хварэю і не магу працаваць у цяжкіх умовах. Тады звольнілі мяне з фабрыкі і загадалі з’явіцца ў арбайтсамт. Там павінны былі мяне накіраваць на больш лёгкую працу. Паколькі я ўвесь час кантактавалася з Беларускім камітэтам, пагаварыла аб гэтым з Хведарам Ільяшэвічам. Ён мне параіў не спяшацца ў той арбайтсамт.

— Я нешта пастараюся прыдумаць, — сказаў. — Я надта заняты рознымі справамі, але наведвайцеся, мо што знайду для вас.

Старшыня быў сапраўды добрым чалавекам і даўгавата мусіў думаць. За мною было ўсяго 5 класаў пачатковай школы. Але ён прыдумаў. Аднойчы я сустрэлася з ім на вуліцы. Ішоў ён з незнаёмым мне чалавекам. Заўважыў мяне і кажа: „Зайдзіце да мяне заўтра, абавязкова”.

Назаўтра, зразумела, я з самой раніцы была ў Камітэце. Калі зайшла ў абшырны кабінет старшыні, ён кудысьці пазваніў. Неўзабаве з’явіўся нейкі мужчына. „Вось гэта мая Галена, што я вам казаў пра яе”, — сказаў Ільяшэвіч. Быў гэта школьны інспектар, аб чым я хутка даведалася, бо далейшая размова адбылася ўжо ў ягоным пакоі.

— З вамі ёсць крыху клопату, — кажа, — але нешта прыдумаю. Пагавару з Кузняцовым. Ён кіраўнік двухкласнай школы.

Праз некалькі дзён інспектар накіраваў мяне ў школу, дзесь за колішнім Сенным рынкам, здаецца, па вул. Рабінацкай (а мо ўжо забыла, па-нямецку называлася яна інакш). Была я там быццам бы сакратаркай, перапісвала вучняў у класныя сшыткі, запаўняла нейкія анкеты. Словам, была гэта праца для формы. Але атрымоўвала я харчовую картку і, здаецца, нейкую мінімальную зарплату.

Школа памяшчалася ў апушчаным, старым, урослым ужо ў зямлю драўляным будынку. Уваходзіла я ў яе з нейкім страхам. Што тут мяне спаткае? Як мяне ўспрымуць? Ужо той абгнілы парог, які я пераступіла, брудныя сцены, наводзілі чорныя думкі і сум агарнуў мяне дашчэнту. Аднак той кароткі перыяд майго жыцця аказаўся вельмі важным у маім далейшым развіцці.

Кіраўнік школы Уладзімір Кузняцоў, чалавек гадоў пад пяцьдзесят, кульгаў на адну нагу. Невысокага росту, старанна заўсёды апрануты, аднёсся да мяне надзвычай сімпатычна. Настаўнікамі былі: Кулікоўскі (імя не помню), Соня Папяльніцкая, выпускніца беларускай гімназіі ў Вільні, Аня (прозвішча яе чамусьці не называлі, яна была быццам у канспірацыі). Хтось мне сказаў, што яна — жонка савецкага афіцэра, родам з далёкай Расіі. Настаўніцай была таксама жонка святара — матушка з Бельска або з Бельшчыны. Матушка сказала, што яны самі пераехалі жыць у Беласток. Большасць настаўнікаў гаварыла па-беларуску. Я здзіўлялася менавіта таму, што Кузняцоў, як паказвала прозвішча, быў хутчэй рускім, а ён вельмі прыгожа гаварыў па-беларуску. У школе менавіта наслухалася я многа пра беларускі рух. Пачула, што калісьці былі ўжо беларускія школы. Даведалася крыху пра беларускую гімназію.

Магу сказаць, што мая нацыянальная свядомасць пачалася ад сутыкнення з тымі цудоўнымі людзьмі. Асабліва такі момант закараніўся ў маёй памяці. Была ўжо зіма 1943/44 года. Немцы адступалі на ўсім фронце. Я сядзела ў куточку і нешта запісвала, здаецца, тэму ўрока, а ля стала сядзеў Кузняцоў з якімсьці чалавекам. Гаварылі яны на розныя тэмы, між іншым, аб падзеях на фронце. Субяседнік дырэктара сказаў наступнае: „Вось летам прыйдуць саветы і ўсіх нас палічаць здраднікамі за тое, што мы тут пры немцах стварылі школы, што прыдумалі нейкую беларускую справу. А так сапраўды, то такая школа без усякіх дапаможнікаў, у такіх умовах нічога не дала дзецям. Яны пра ўсенька, што тут пачулі, забудуцца”. Кузняцоў яму адказаў на гэта так: „Нам, беларусам, ва ўсякіх умовах трэба дакладаць цагліны ў наш беларускі мур. Стварылі мы школы і гэтаму факту ніхто не запярэчыць. І не згаджаюся з тым, што ўсе гэтыя вучні ўсенька забудуць. Будуць і такія, што астанецца ў іх штось у памяці і ў сэрцы. Дзеля гэтага варта было адкрыць нават такую школку”. Мне асабліва падабалася тая метафара: „цагліны ў беларускі мур”. Прыйшла я дахаты і запісала яе ў сшытак.


папярэдні адрэзак        наступны адрэзак