Ніва № 17 (2346), 29 красавіка 2001 г.

У ваенным Беластоку

Алена АНІШЭЎСКАЯ

Беларускі камітэт

На другі дзень раніцай зноў зайшоў дзядзька Васіль, прыцягнуў пазычаныя санкі, да якіх быў прывязаны мяшок і сказаў мне: „Ну, збірайся, пойдзем шукаць Беларускі камітэт, ён па вуліцы Кіеўскай, недалёка царквы. Трэба ісці дзесь за яўрэйскія могілкі”.

Камітэт знайшлі мы даволі хутка. Шэры мураваны будынак, побач брама, а за ёю вялікі падворак. Былі там людзі з санкамі (выпаў першы снег) або з вазкамі. Па двары круціўся мужчына, падыходзіў да людзей, заглядаў у іхнія паперы, запісваў нешта і выдаваў па мяшку торфу і крыху дроў. Калі падышла наша чарга, мужчына пагядзеў наш ордэр на пасяленне (у ім быў адрас і прозвішча). Дзядзька, гутарачы з гэтым важным чалавекам, выбіраў дровы, а я разглядалася па падворку. Раптам бачу як у браму ўваходзяць двое апранутых па-гарадскому мужчын: адзін высокі, другі ніжэйшы, чарнявы з круглым тварам. Здаўся ён мне дабрадушным чалавекам. Ужо ўвайшлі ў дзверы, калі той ніжэйшы адвярнуўся, глянуў на мяне і затрымаўся. Я не ведала як сябе павесці. Гвалтоўна адвярнулася і падышла да сваіх санак.

— Дзяўчынка, гэта твае санкі? А як жа ты іх павязеш?

— Мы з дзядзькам разам павязем, — адказала я.

І пачалася размова. Пытаў ён скуль мы прыехалі, калі, хто мае бацькі. Я сказала, што паходжу з Белавежы, што ўжо раней нас вывозілі, а цяпер ужо трэці раз прывезлі ў Беласток. Ён мяне запрашаў прыходзіць у Камітэт. Спытаў ці дасталі ўжо карткі на прадукты. Сказаў, што ў іх працуе хор і балетная група, запытаў, ці не хацела б я ў чым-небудзь удзельнічаць. Я сказала, што неўзабаве прыйду, але мушу параіцца з мамай. Прапановы былі для мяне нечаканымі, дзіўнымі і я не ведала як да іх паставіцца.

Некалькі дзён пазней я адважылася пайсці ў Камітэт. Увайшла ў дзверы і апынулася ў даволі абшырнай прыёмнай, у якой круцілася шмат людзей. Хтось сходзіў з лесвіцы, хтось ішоў наверх. Я стаяла і думала: як мне сустрэцца з тым знаёмым панам? Нехта спытаў: „Да каго ты?” Я, не задумоўваючыся, адказала: „Да старшыні”. „Ён у сваім пакоі, ідзі наверх”, — сказалі.

Увайшла я ў пакой і адразу пазнала знаёмага старшыню. Прывіталася: „Здравствуйте”, пачула: „Вітаю, добры дзень”. Размова пачалася ад пытанняў: як пасяліліся, ці дасталі ўжо накіраванне на працу, ці люблю чытаць, што я чытала па-беларуску. Даведалася, што ў Беластоку выдаецца беларуская газета „Новая дарога”, атрымала некалькі экземпляраў. У размове старшыня пачаў звяртацца да мяне на „вы”. Мяне гэта збянтэжыла. Мне было 15 гадоў і я выглядала яшчэ па-дзіцячы. Я зразумела, што гэты чалавек вельмі сардэчны і добры. Адным словам, культурны, падумалася мне.

І так вось пазнаёмілася я з Хведарам Ільяшэвічам, а пасля і з ягоным паплечнікам Уладзімірам Тамашчыкам. У Камітэт заглядала я часта, атрымоўвала там газету і брала беларускія кніжкі для чытання. Круцілася там заўсёды шмат людзей, беларускіх дзеячаў, харыстаў ці вывезеных сюды беларускіх сялян. Памятаю, што на Каляды 1942 года атрымалі мы харчовую дапамогу.


папярэдні адрэзак        наступны адрэзак