Ніва № 16 (2345), 22 красавіка 2001 г.

У ваенным Беластоку

Алена АНІШЭЎСКАЯ

Пераходны лагер у Беластоку

Поцемку праязджалі мы цераз Беласток. Чым далей заглыбляліся ў ягоныя вуліцы, тым больш паказваліся яны гарадскімі. Вось наша бабуля, выглядаючы з-пад намоклага радна, заўважыла прыгожую царкву: „Гляньце, дзеткі, тут ёсць царква. Якая вялікая, большая чым наша ў Сухаполі — тут жывуць праваслаўныя людзі. Дай Бог, каб нас у гэтым горадзе пакінулі”, — узмалілася. Аглянулі царкву, ажно хутка ўбачылі аграмадны белы касцёл, пабудаваны на высокай гары (так нам тады здалося). „Ой, які гэта горад”, — здзіўляліся нашы людзі.

Далей быў мост над чыгуначнымі рэйкамі. Яшчэ каля гадзіны павольнага руху і першыя вазы гэтай жудаснай калоны пад’ехалі пад абведзеныя калючым дротам баракі. Хлапчукі і некаторыя мужчыны пайшлі ўперад даведацца, што тут такое знаходзіцца. Прыслалі вестку:

— Тут лагер. Durchgangslager, — хтось ужо прачытаў і паясніў: — пераходны, значыць, на гэтым не закончыцца наша прымусовая вандроўка.

Лагер змяшчаўся пры Жулткоўскай шашы. Пачалося разгружванне фурманак, праверка дакументаў, накіраванне да паасобных баракаў. Добра, што мы былі бліжэй чала калоны, то каля 10-й гадзіны вечара дасталі ўжо каардынаты свайго барака. Дзядзькі памагалі нам разгрузіцца і перанесці багажы ў барак. Валачылі мы ўсё: вопратку, пасцель пакаваныя ў мяшкі, крыху харчоў, у якія запасла нас цётка Аксеня, вядро, пару каструль і іншыя хатнія прылады.

На наша шчасце ў бараку было цёпла. Здавалася нам, што будзе тут свабодна. Барак быў кругом абсталяваны трох’яруснымі нарамі. Дзядзькі і мы занялі сабе месца нізка. Мама раскінула пасцель, каб пакласці дзяцей спаць. Мы ўцешыліся, што ўсе свае апынуліся ў адным бараку.

Амаль да світання ўпіхвалі сюды людзей. Зрабілася цесна, трэба было паціснуцца і нам. Пачаліся сваркі, хто колькі месца займае. Пасярэдзіне барака стаяла жалезная печка — „каза”. Усю ноч людзі чымсьці там палілі, варылі кіпяток, крышылі хлеб у міскі, залівалі і падсілкаваліся. Раніцай далі на наш барак кацёл чорнай кавы і па порцыі хлеба, а на абед — кацёл супу з бручкі і зноў па кусочку хлеба.

У лагеры прабылі мы хіба тыдзень. Найгоршым здзекам была г.зв. лекарская праверка. Пачалася яна ўжо з наступнага дня. Спярша ўсе мусілі адбыць „лазню”. Барак з лазняй меў два ўваходы. У адзін уваходзілі жанчыны з дзецьмі, у тым і хлопчыкі да 14 года, у другі — мужчыны. У маленькай каморцы проста на падлогу трэба было пакласці вопратку і голаму ўвайсці ў лазню. Ніхто нам не сказаў узяць ручнікоў, не было і мыла. Аднак той цёплы душ усім спадабаўся. Але ўжо праз 15-20 хвілін выключылі ваду і ўвайшоў немец са сваім: „Weck!” Пакуль мы знайшлі сваю вопратку і маці паапраналі дзяцей (а там было холадна), у раздзявальню пхалася ўжо наступная група. Праверкі такія адбываліся, здаецца, штодня. Мужчыны з юнакамі ў адной групе, а жанчыны з дзецьмі ў другой, распранутыя дагала, стаялі ў санітарным бараку па некалькі гадзін і мерзлі. Усё роўна што правяралі — раз зрок, іншым разам горла — перасоўваліся мы ў той кашмарнай чарзе голых, спалоханых, прыніжаных людзей перад праклятай камісіяй, у якой сядзела 4-5 сытых, апранутых, бессаромных фашыстаў і здзекаваліся над намі.

З пераходнага лагера вывозілі ў Германію. Наша сям’я і сем’і нашых дзядзькоў не падышлі пад вывазку, замалыя дзеці. У сям’і старэйшага мамінага брата была наша бабуля. Ноччу не раз чулі мы страляніну. Людзі па-рознаму гаварылі: некаторыя казалі, што расстрэльваюць няздольных працаваць. Мы баяліся за нашу будучыню. Аднойчы прыйшоў дзядзька з другога барака і сказаў, што даведаўся ад тутэйшага чалавека, што нас аставяць у Беластоку і пашлюць на фабрыку. Але мы не маглі ўявіць, што зробім, калі загадаюць нам пакінуць лагер. Куды ж мы тады дзенемся? Дзе жыць? Дзядзька пацешыў, што калі будзем працаваць, то і нейкія грошы будуць. Але аб гэтым задбалі немцы. Прыйшоў раз обэр (так мы называлі старшага над нашым баракам немца), вычытаў з паперкі тых, каму трэба збірацца да высялення з лагера ў „място” (ён крыху гаварыў па-мазурску). І вось зноў паставілі падводы, пагрузілі нас разам з дзядзькамі. Немец, які меў нас канваіраваць, дазволіў малым дзецям і бабульцы сесці на воз, а мы цэлай гурбою ішлі за фурманкай праз незнаёмы нам Беласток. Такіх падвод у той дзень было шмат на вуліцах Беластока. З Жулткоўскай шашы, дзе быў той лагер, прыйшлі мы на вул. Бэма 67 (няма цяпер ужо таго драўлянага доміка). Гэта было блізка Паўднёвай шашы. З нашага акна відаць было турму. Там па выдадзеным магістратам ордэры прызначана нам была „айне штубэ”. Гаспадыня не хацела нас упусціць. Крычала, што прывалакліся „лапцюхі”, хаця ніхто з нас не меў лапцяў на нагах.

Немец стаў крычаць на гаспадыню і паказваў на ордэр — прыказ пасялення. Домік быў невялікі, трохпакаёвы, з кухняй і дабудаванымі сенцамі. Жыло ў ім 5 чалавек, у тым ліку 4 дарослых. У доміку была гара з цаглянай плітой, у якой можна было напаліць і зварыць страву. Мама сказала гаспадыні, што мы згаджаемся жыць на гарышчы, калі яна хоць крыху ацепленая. „Так, там заўсёды жылі кватаранты”, — запэўніла яна. Мы пастараліся растлумачыць немцу, што дамовіліся з гаспадыняй, і ён даў маме паперу распісацца і загадаў забраць з падводы нашы багажы. Маміных братоў павёў далей. І такім чынам наша сям’я ад лістапада 1942 года аж да ліпеня 1944 года жыла на тым гарышчы.

Як мы там месціліся ў той вузенькай хаце, цяжка цяпер уявіць. Мы яе называлі труной, з-за формы. На вышыні аднаго метра ад падлогі сцены пахіляліся да сярэдзіны і злучаліся быццам века труны. У шчыце было акенца. Было ж нас 5 асоб: мама, я — найстарэйшая, мае сёстры Оля і Марыся і наймалодшы 5-гадовы брат Коля.

Лесвіца на гарышча была з двара. Пачалі мы зносіць свае рэчы. Пакуль зносілі, укладалі пад сцяну, круцілася пры нас гаспадыня і штосьці яе ўзрушыла, ажно сказала: „Ёсць столік і адзін ложак у дрывотні — вазьміце сабе”. Знайшлася яшчэ і ляжанка, абы-як збітая з дошак, але быў матрац да яе. Гаспадыня дала дроў напаліць у пліце. Мама пачала варыць суп з прывезенай з Роўбіцка крупы. Здавалася нам, што ўжо не прападзем.

Неўзабаве прыйшоў наведаць нас дзядзька Васіль. Прынёс ён вязку дроў. Пасялілі іх у сваіх людзей — праваслаўных. Дасталі яны прыгожую кватэру, з невялікай кухняй. Было іх сем асоб: чацвёра дзяцей, бацькі і бабуля Аляксандра. Малодшага брата мамы, Мікалая, павезлі дзесьці за Палескую станцыю. Дзядзька пацяшаў: „Не бядуйце, не прападзем. Ёсць тут Беларускі камітэт, там памагаюць вывезеным беларусам”. Даведаўся ён аб гэтым ад сваіх гаспадароў.


папярэдні адрэзак        наступны адрэзак