Ніва № 15 (2344), 15 красавіка 2001 г.

У ваенным Беластоку

Алена АНІШЭЎСКАЯ

Чарговая вывазка

Другая вывазка скончылася нам пад Беластокам. Дзядзькоў пасялілі ў апушчаных яўрэйскіх хатах у Міхалове. Тады мясцовыя жыхары называлі мястэчка Нізбодкай. Нашу і мамінай сястры сем’і завезлі ў вёску Баршчэва. Маму і нас, чацвёра дзяцей, пасялілі ў адной хаце, дзе было ўжо чацвярых дамачадцаў, а дзядзьку Ёзя, цётку Ганну і іх двое дзяцей — у другой.

Пасля тыдня знаходжання ў цеснаце збунтаваўся наш гаспадар. Стаў праклінаць ды выказваць жаданне, каб бежанцы жылі па чарзе ў кожнай хаце. Справа дайшла да солтыса. Тады той разумны і добры чалавек адчыніў нам апусцелы школьны будынак, дзе апрача класнага зала была двухпакаёвая кватэра для настаўніка. І нашы дзве сям’і тут жа перасяліліся.

Солтыс дазволіў браць назапашаныя ў складзіку торф і дровы. Але ў школе мы мерзлі. Стаялі тады моцныя маразы, а неабагрэтая, высокая хата не ўтрымоўвала таго ніклага цяпла, якое ішло ад печы. Дзядзька, мамін швагер, хадзіў да людзей малаціць. Мы, жанчыны, пралі воўну ды на прасніцах — каноплі на мяшкі. І якось так жылі, задаволеныя, што не сядзімо з чужымі на кучы.

Аднак былі мы быццам тыя мурашкі, што паўцякалі з растаптанага мурашніка. Ніяк не маглі мы ўседзець на месцы. Аднойчы, ужо пасля Новага года, сышліся ў нашай кватэры маміны браты і разам са сваім шваграм планавалі вярнуцца да вясны ў „свой бок”. Як гэта яны наладзілі — не ведаю. Ажно ў канцы лютага 1942 года пад школу ў Баршчэве пад’ехала адвячоркам двое саней з драбінкамі, вылажанымі плеценымі з хворасту кельнямі. Коней нанач паставілі ў суседзяў, а мой дваюрадны брат Жорык і дзядзя Ёзя, якія прыехалі за намі, пераначавалі ў нас. Прывезлі яны з сабою бохан свежага хлеба і кусок сала. Жанчыны наскварылі скварак, а яны дасталі „пяршак”. Казалі, што немцы заглядаюць у вёскі рэдка, бо думаюць, што там зімуюць партызаны. А людзі гоняць самагонку, робяць склепы ў стадолах і свірнах, хаваюць у іх кормнікаў.

Раніцай выехалі мы з Баршчэва ў далёкую дарогу, падзякаваўшы солтысу і суседзям за ўсенька, што для нас добрага зрабілі. Ехалі мы праз Юшкаў Груд, Ляўкова і да вечара дабраліся ў Нараўку. Там папрасіліся на начлег. Знайшліся добрыя людзі, прынялі нас, абагрэлі, пакармілі. На другі дзень збіраліся ў дарогу цераз пушчу, у Белавежу. Ледзь мы тую дарогу пераадолелі. Ехалі трыбам, непрацертым, засыпаным снегам. Коні па жываты западаліся ў снег. Пару разоў трэба было выцягваць шуфлю і адкідаць снег з-пад саней.

Неяк дабраліся ў Белавежу. Заехалі ў свае Падаляны — вёску за рэчкай Нараўкай, якая аддзяляла яе ад галоўнай тадышняй вуліцы Стачок (сёння — вуліца ген. Аляксандра Вашкевіча). Даведаліся мы, што нядаўна памёр старэйшы брат нашага бацькі — Нікун. Памёр ён хіба ад гора, паколькі разам з нашым бацькам арыштавалі ягоную дачку, 21-гадовую Ліду Вашкевіч. Пакінула яна трохтыднёвае дзіцё, хлопчыка, якога цяпер гадавалі ейныя маці і дарослая ўжо сястра. Нам нельга было аставацца ў Белавежы. Раніцай сабраліся ехаць у Роўбіцк — да нашай цёткі Аксені, бацькавай сястры. Цётка Ганна са сваёй сям’ёй былі прыняты сваяком яе мужа. Ужо вясною з’ехалі туды і маміны браты з нашай бабуляй Аляксандрай. У той вялікай, гасціннай вёсцы прытулілася шмат вывезеных раней людзей. Пажыць там немцы дазволілі нам усяго адно лета.

Падышла восень і здзек над людзьмі пачаўся нанава. Ужо ў кастрычніку, пасля капання бульбы, сталі пагаварваць аб вывазцы. Абышлося меншым злом. На гэты раз вывозілі толькі тых, хто ўжо раней быў вывезены і вярнуўся нелегальна. Вялікае гасціннае сяло Роўбіцк ацалела.

Падводы з розных вёсак, якія высяляліся поўнасцю і падводы такіх рэцыдывістаў як мы, з’язджаліся на Пружанскую шашу і станавіліся ў напрамку Белавежы. Песімісты страшылі сябе і іншых, што немцы завязуць нас у пушчу і расстраляюць. Аптымісты пацяшалі, кажучы, што калі дазволілі забраць з сабою столькі грузу, значыць, завязуць нас у Белавежу, пагрузяць у вагоны і адправяць на цяжкую працу ў Германію. Увечары абоз даплёўся да Белавежы. Начавалі мы ў вызначаных немцамі хатах. Мы трапілі да лесніка Валкавыцкага (Сцяпана?). Жонка яго, Нюрка, вельмі сімпатычная жанчына, выводзілася з Падалян. Сардэчна занялася намі. Раніцай наступнага дня павезлі нас у напрамку Нарвы. Сцэнарыі прыдуманы людзьмі не збыліся. Зноў з’явілася няўпэўненасць: што будзе, куды нас вязуць? Нашы вазы знаходзіліся пасярэдзіне калоны. Пад’язджаючы да Заблудава, абоз затрымаўся. Праехала некалькі машын. Нашы канваіры ехалі на вазах спераду і ззаду. Нехта спераду пабачыў, што даехалі мы ў Заблудаў. Мястэчка ляжала ў руінах.

Не памятаю, ці ўбачыла я нейкі ўцалелы будынак. У памяці асталіся толькі коміны над руінамі.

Узнікла новае меркаванне: вязуць нас у Беласток. Горад таксама разбураны, трэба рабочых. Большасць з нас, асабліва жанчыны і дзеці, былі ўжо так змучаныя, галодныя і намерзлыя, што абыякава адносіліся да тых мужчынскіх меркаванняў. Хацелася хутчэй апынуцца пад дахам, сесці ці легчы.

Памятаю, як уехалі ў Беласток. Я разглядалася, цікавая выгляду горада. Ехалі мы цераз Дайліды. Бачу, хаты такія як у нас, драўляныя, невялікія. Гародчыкі перад хатамі. Людзей на вуліцы мала. „Вось і горад!” — падумала я, крыху расчараваная.


папярэдні адрэзак        наступны адрэзак