Ніва № 43 (2319), 22 кастрычніка 2000 г.
Беларусь-2000

Пачатак мастацкай прыгоды

Ганна КАНДРАЦЮК

— Няма выпадковых сустрэч, — кажуць паэты!

З мастачкай Таццянай Маркавец мы пазнаёміліся звычайна, пытаючы пра бяспечнае месца для начлегу. Пачуўшы нашу беларускую мову, Таня заўсміхалася і без лішніх роспытаў, таксама па-беларуску, пачала служыць дапамогай. Ад слова да слова мы знаходзілі супольных знаёмых, сяброў, журналістаў і мастакоў. У канцы выявілася што і самі ўжо раней пра сябе чулі і думалі. Таццяна Маркавец вядомая ў Беларусі як прадстаўнік дэкаратыўнага мастацтва, у канкрэтнасці выцінанкі. Яна — дачка жывапісца Віктара Маркаўца і жонка журналіста „Нашай нівы” Сяргея Харэўскага.

* * *

Карыстаючыся гасцінай Тані, ставім палаткі на яе зямлі, на колішнім загуменні. Сто метраў далей — Балдук, самае вялікае возера ў запаведніку „Блакітныя азёры”.

У групе балдуцкіх азёр, як інакш завуць блакітныя азёры, „абалдзіцельныя” назовы: Балдучыха, Вяльчынія, Акунец, Карасец, Ячмянец, Глухое, Глубля, Глубелька, Свінак, Амяжа, Сякліца. Зразу, пасля падрыхтоўкі абозу, наведваем возера Балдук. І хаця вечарэла, вада ў возеры ззяла яркім блакітам. Уражанне падмацоўваў цёмны зубчасты лес, што шчыльна акаляў ваду.

— Дзіва што няма тут турыстаў? — здзіўляліся мы пануючым тут бязлюддзем і дзікасцю.

Толькі самотная лодка з парай пажылых дачнікаў напамінала пра канікулы і час адпачынку.

* * *

— Здзесь нельзя, убірайцесь атсюда! На другі берэг уежджайце! — пачала праганяць нас пажылая дачніца. — Дзеревню сажжоце! — гэта пра толькі што нарыхтаванае намі вогнішча.

Абараніла нас Таня, наша заступніца. Пасля яе перагавораў нашы кантакты з дачнікамі нармалізаваліся. На другі дзень мы нават пазычылі ў іх лодку, каб пераплысці на другі бераг возера.

— Дачнікі баяцца чужых людзей, — тлумачыла нам пазней Таня. — Прыезджыя балююць да рання, буяняць. Пасля яшчэ прыбіраць за імі трэба. Таму адпраўляюць іх у назначаныя месцы, у запаведнік.

Каб заняць месца на палатачным полі, трэба прапісацца, знайсці лесніка і аплаціць кожны дзень пабыўкі. Папраўдзе, палохаў нас кантакт з уладай ды паліцыяй і не было ў нас лішніх грошай на хабары.

— Толькі калі мы ў гасцях, на тваёй зямлі, чаму тыя дачнікі не шануюць тваёй прыватнасці?

— Бо ў нас асабліва разумеюць прыватную ўласнасць. Яна быццам твая, і адначасова калгасная. Дачніку-ўласніку кожны год трэба нанава прапісвацца ў сельсавеце.

* * *

Вечарам, як на злосць, пайшоў дождж. Абсеўшы наўкруг вогнішча, мы слухалі дацкіх прыгод Тані. Наша гаспадыня пакарыла там найлепшых стралкоў з начных клубаў.

— Савецкая адукацыя навучыла нас страляць, але калі прыйдзецца нешта заспяваць — трагедыя!

Менавіта, невыносна хацелася пачуць тут песні беларускага Паазер’я. Іх рытм міжольна нашэптвала прырода, пошум лясных вершалін. Толькі ў запаведніку, як у кожнай штучнай прасторы, спяваць не пад сілу. Не ладзіліся тут, пад балцкім небам, і падляшскія напевы. Таня хвалявалася на свой самавар — сямейнае вынаходства, з трубой, у якой згаралі сушаныя шышкі. Самавар паводзіў сябе як магічная пасудзіна. Праглынуў шалёную колькасць шышак, часта гас і дыміў, і ні за што ў свеце не хацеў заварыцца. Быццам спецыяльна, насупраць дажджу, задоўжваў час добрай бяседы. У самавары, на дадатак, заварвалася гарбатка з траваў, паводле Танінай рэцэптуры.

— То заспявайма „Азёры дабрыні”, — патрабаваў Вячаслаў, да нядаўна яшчэ апантаны будаўнічай тэмай.

Спевы ўсё ж не ладзіліся. Пад уплывам мілітарных аповедаў Тані мроіўся прывід карцін родам з індзейскіх запаведнікаў — азарт, стральба, наркотыкі.

* * *

Нечаканая сустрэча з Таняй, як пазней выявілася, была пачаткам нашага „мастацкага” падарожжа. Пазней у Стаўрове, Браславе, Полацку, Віцебску, Здраўнёве — усюды сустракалі добрых людзей, знаёмых, мастакоў, паэтаў. Некаторых, як Таню, зусім выпадкова, іншых адшукоўвалі самі, яшчэ іншых наведвалі ў іх дамах і аставаліся нанач. Ужо ў Вайшкунах, пасля магічнай гарбаткі і купання ў „абалдзіцельным” возеры Балдук, паводзілі сябе як зачараваныя.

— Але ж нам добро! — паўтаралі, спадабаўшы тут гарадоцка-крынкаўскую гаворку.

Таня Маркавец, фантастычная аўтарка дэкаратыўнай выцінанкі, адкрывала нам жывапісную прастору беларускага мастацтва. Добра кажуць паэты: „Няма выпадковых сустрэч”.


папярэдні адрэзак        наступны адрэзак