Ніва № 44 (2320), 29 кастрычніка 2000 г.
Беларусь-2000

Беларуская Швейцарыя

Ганна КАНДРАЦЮК

Раніцай, пасля рытуальнай кавы, арганізуем вандроўку ў глыб запаведніка. Краявід беларускага Паазер’я найлепш назіраць з самалёта. Малая карысць ад падарожжа на машыне — амаль усе азёры прыхаваныя за сцяной лесу і, едучы шашой ці лясной дарогай, іх не відаць. Дарэчы, ужо ад самага Маладзечна здавалася, што кружым безупынна па нейкім зачараваным лесе.

Першы адрэзак шляху па Беларускай Швейцарыі, возера Балдук, пераплываем лодкай. На другім беразе чакае нас сімпатычнае знаёмства са студэнтамі геаграфіі з Гомеля. Раней пабывалі яны тут на практыцы, сёлета ўжо ў шырэйшай кампаніі зноў вярнуліся ў гэты чароўны куток бацькаўшчыны. Праветрыцца ад чарнобыльскай пошасці, адпачыць тут душой і целам. Нашы новыя сябры — людзі адкрытыя на новае знаёмства. Зразу прапанавалі нам дапамогу ў наведванні лясных нетраў, дзе чакалі нас адны цікавінкі і атракцыёны.

* * *

На гарбе шырокага прыазёрнага оза раскінута старая вёсачка Балдукі. Цэлая як этнаграфічны запаведнік. Усе забудовы, платы, дахі — усё драўлянае. Натуральны колер драўлянай забудовы сугучны колерам навакольнага лесу. У Балдуках цалкам вымерлі аўтахтоны. Ад іх асталіся здзічэлыя сады з яблынямі і слівамі. Тут, так як і ў Вайшкунах, нанова пасяліліся дачнікі.

Ля хаткі з гонтавым дахам абскочылі нас сабакі. У сярэдзіне пачулася англійская мова. У Балдуках жыве студэнтка Оксфарда. Англічанка прыехала сюды, спецыяльна ў запаведнік „Блакітныя азёры”, даследваць меч-траву. У хатцы яшчэ адна хата — расстаўленая палатка.

— Дзядзька з суседняй вёскі прывёў ёй сабаку, каб адна тут не баялася, — дадае гомельскі сябра. — Зараз англічанка адзіная „штодзённая” жыхарка вёскі.

* * *

Тутэйшы лес месцамі нагадвае Белавежскую пушчу. Кроны магутных дубоў, ліп і хвой цалкам закрываюць неба. Запаведнік „Блакітныя азёры” створаны ў 1972 годзе для зберажэння унікальнага ўзгорыста-азёрнага прыроднага комплексу. Парк займае плошчу 1,5 тысячы гектараў. Камавыя ўзгоркі і озавыя грады перамяжоўваюцца глыбокімі, запоўненымі вадой упадзінамі. Іх вышыня сягае часта за 200 метраў, розніца паміж іх адноснай вышынёй 50-60 метраў. Лясной, ледзь пратаптанай сцежкай дабіваемся да ракі Страчы. У ёй блакітная, ледзь не сіняя вада. Чыстая і жывая, сапраўдны цуд у прыродзе. Замест кладкі — паваленая хвойка.

— За нішто ў свеце я не перайду гэтай рэчкі! — у нашай кампаніі ўспыхла паніка. Найбольш перажывала аўтарка гэтых радкоў. Аднак за намовай гомельскіх „акрабатаў” і гімназісткі Цалінкі, якой хада па дрэве здалася добрай гульнёй, я перамагла сваю фобію. У канцы так спадабаласо, што хацелася яшчэ некалькі разоў перайсці туды-сюду блакітную Страчу. За радай сяброў з Гомеля мы падтрымоўваліся здаровай тынінай, апіраючыся ў дно ракі. Прыгода на Страчы запамяталася як найбольшы экатурыстычны атракцыён Беларусі!

* * *

Назоў запаведніка ўзяты ад інтэнсіўнага колеру азёр. Аднак памыляецца той, хто думае, што ўва ўсіх азёрах вада блакітная. Амаль кожнае з іх мае сваё характэрнае адценне. Балдук у залежнасці ад неба мяняе свой колер — раз яно блакітнае, раз шэрае, іншы раз — зялёнае, багонныя азёрцы, у якіх салоная вада, маюць колер карычневы, Глубелька ў сваю чаргу вабіць туркусным колерам. На возеры знаходзяцца плавучыя астравы. Тут сустрэнем рэдкія віды раслін: кураслеп лясны, чарнакорань Рупрэхта, ворлік звычайны, тут адзінае ў Беларусі месца, дзе расце тая меч-трава. У самым запаведніку сустрэнем за сорак рэдкіх відаў раслін — між іншым мнаганожку звычайную, цюльпан лясны, гайнік цёмны і венерын чаравічак.

Непадалёк Глубелькі — другое вялікае возера Глубля, якое ў сваю чаргу — смарагдавае. Падняўшыся на панарамную тэрасу на гары, мы любаваліся відам Глублі, Глубелькі, Ячменца і былых сажалак Альшэўскага маёнтка. Разнавідныя адценні вады, стыхійная краса лесу, гоман птушак наводзілі „абалдзіцельны” настрой.

* * *

Вандруючы озавымі градамі і далінамі Беларускай Швейцарыі, мы смакавалі яшчэ адну беларускую страсць — збіранне грыбоў. Тут ужо побач сцяжыны расла процьма грыбоў: баравікоў, чырвонагалоўцаў, сыраежак, заячых грыбкоў. Як нашчадкі пушчанскіх продкаў, з небывалай асалодай віталі мы кожны новы грыбок. Не менш энтузіястычна рэагавалі сябры з Гомеля. Як ніколі мы адчувалі супольны корань нашай жыццёвай мінуўшчыны, моцна назначаны лясным пейзажам.

У самым запаведніку, ля азёраў, дзе нават падрыхтаванае месца для турыстаў, мы не сустрэлі жывой душы. Крыху здзіўляла абыякавасць для гэтага чыстага і прыгожага месца. З другога боку — не хацелася тут бачыць бяздумных турыстаў, зрываючых венерыны чаравічкі. На палатачным полі, быццам перасцярога, стаяў драўляны метровы баравік.

— Чаго толькі не прыдумае беларускі ляснік?! — задзіваваліся мы. Гэты велічны грыб нагадваў мемарыял, пастаўлены ў гонар усіх сарваных братоў-баравікоў.

Грыбная тэма і моўныя архаізмы тыпу „пайшоў па грыбэ” яшчэ мацней вярталі памяць пушчанскіх продкаў. Нават гамельчукі, раней рускамоўныя, прамовілі па-беларуску.


папярэдні адрэзак        наступны адрэзак