Ніва № 42 (2318), 15 кастрычніка 2000 г.
Беларусь-2000

Вайшкуны — жывы запаведнік

Ганна КАНДРАЦЮК

Паўночная частка Беларускага Паазер’я. Беларуская Швейцарыя — як завуць з-за хараства зямлі ландшафтны запаведнік „Блакітныя азёры”. Ужо за Альшэвам сустракае нас рэчаіснасць з мінулых стагоддзяў. Над усім запанавала тут прырода. Лясы, імшары, азёры, дрыгва. У гэтай стыхійнай глушы адчувалася першабытны дых космасу. Подых пантэізму. Зялёны, вольны кайф!

На дадатак, як у беларускай міфалогіі, пачало зводзіць нас з дарогі. Пазначаныя на карце лясныя шляхі вялі то ў гушчу, то ў тупік, то ў супрацьлеглы кірунак. Неяк інстынктам патрапілі мы ў вёску з пясчанай дарогай і старой драўлянай забудовай.

— А мае вы, палячачкі родныя, а адкуль жа вы ТАКІЯ ўзяліся? — прывітала нас мясцовая старажылка, з балцкім абліччам.

Наша беларуска-беластоцкая мова паказалася тут „польскай”. Складалася ўражанне, што і сваю беларускую мову бабуля лічыць „польскай”. Як доказ кабета паказала нам каталіцкі крыж у пачатку вёскі Пешкаўцы.

— Палякі мы, касцельныя палякі! — наша субяседніца нават не думала пераходзіць на польскую мову, быццам бы ўсе ў Польшчы ведалі і разумелі яе гаворку.

* * *

— Каб я так па-польску ў Беластоку адазваўсо, то па-мордзе дастаў бы, — аналізаваў выпадак полькі з Пешкаўцаў Вячаслаў.

Каб не муціць у галаве прылюднай старэчы, шукаем іншага месца для бівака. Папраўдзе цягнула нас далей, у сэрца запаведніка. Да блакітных азёр, пра якія наслухаліся раней у Гародні.

З адкрытай душой, зноў перасякалі мы лясныя, зманлівыя дарогі, абведзеныя паласамі яркага верасу.

...

— Саша, спыняй машыну! Лукашэнка на дрэве! — прабудзіў нас дзівосны вобраз.

Фактычна, тут у глухім кутку Паазер’я, на службовым указальніку лясніцтва, красаваўся шарж Аляксандра Лукашэнкі. Вось якія мастакі-арыгіналы засяляюць запаведнік! Толькі дзе іх шукаць? — гадалі мы. Сяляне з Пешкаўцаў ці тыя, якіх раней сустрэлі мы ў дарозе, не гарманізавалі з мастацкім праектам у адраджэнскім духу. Хутчэй за ўсё пахла тут прафесіяналізмам, акадэміяй!

* * *

— Як у сапраўдным запаведніку, — усклікнулі мы, уязджаючы ў Вайшкуны.

Паабапал пясчанай, крутой вуліцы стаялі драўляныя хаткі з тоўстага бярвення. Хлявы, свіронкі, склепы, лазні, стадолкі — усё з такіх жа брусоў, многія пабудаваныя старым спосабам, без цвікоў, шчыльна ўтканыя мохам. Дзе-нідзе пападаліся вокны, здобленыя старажытным сонечным арнаментам. Адно шыферная дахоўка напамінала пра дваццатае стагоддзе. У Вайшкунах асталіся толькі тры бабулі-аўтахтонкі. Вёска ўсё ж не зарасла травой, бо з пачатку дзевяностых гадоў пачалі тут сяліцца дачнікі. Асабліва менчукі ўпадабалі сабе Вайшкуны. Працаўнікі Акадэміі навук, Акадэміі мастацтваў, этнографы. Іх заходнія машыны на панадворках, пародзістыя сабакі, руская мова і ўсё што папахвала сучасным канфармізмам — успрымаліся тут як рэквізіты іншай планеты.

* * *

— Бацька за смешныя грошы купіў нашу дачу, фактычна за цану добрай палаткі, — кажа мінска-віленская мастачка Таня Маркавец, якую сустрэлі мы тут выпадкова на дачы. — Пазней, калі прыйшла мода на гэтае месца, цана ўзрасла, хаця яшчэ і цяпер можна знайсці хатку за сто-дзвесце долараў.

У пачатку Вайшкуноў таксама стаяў каталіцкі крыж. Пашанцавала нам пагутарыць з „большасцю”, бо з дзвюма карэннымі жыхаркамі. Бабулькі надзвычай ветліва падказалі нам найлепшыя месцы для абозу. З асалодай мы слухалі іх чыстую, меладычную беларускую мову. Аднак, як і ў Пешкаўцах, мясцовыя лічаць сябе палякамі. Многія з іх у час рэпатрыяцыі з’ехалі ў Польшчу. Яшчэ іншыя, у савецкія гады, параз’язджаліся па ўсіх кутках Савецкага Саюза. Быццам загадзя прадчувалі канец тут старога свету і ладу.

* * *

Вёска, заселеная дачнікамі, не напамінае тых традыцыйных, сялянскіх кліматаў. Не хапае ёй атмасферы вуліцы, мітусні, пачуцця сваяцтва. Тыповы дачнік трымаецца здалёк ад суседзяў. Як у горадзе, абмяжоўваецца да свайго вузкага метражу, хаты, панадворка. У Вайшкунах у абедні час на вуліцы панавала мёртвая цішыня. Зрэдку ад панадворкаў даносіліся прыглушаныя рускамоўныя бяседы. Толькі мясцовыя кідаліся ў вочы. „Усе” тры бабулі сядзелі ля сваіх вокнаў і сузіралі мёртвую вуліцу.


папярэдні адрэзак        наступны адрэзак