Ніва № 40 (2316), 1 кастрычніка 2000 г.
Беларусь-2000

Слава і ганьба Альшэва

Ганна КАНДРАЦЮК

Едучы старажытным трактам з Ашмяны ў Свянцяны, перад Лынтупамі, што ля літоўскай мяжы, мы трапілі ў Альшэва, даваенную маёмасць роду Хамінскіх. Яшчэ да нядаўна стаяў тут драўляны палац XVIII cт., адзін з самых цікавых архітэктурных помнікаў Віленшчыны.

Зараз найлепш з закрытымі вачамі знаёміцца з гэтым легендарным месцам. Па адным баку дарогі стаяць апусцелыя калгасныя аборы, прысуджаныя на самазнішчэнне.

Вузкай сцяжынай, паміж дзікага пустазелля ідзем у двор. Першая сустрэча з палацам займае дых. Не, не ад захаплення! Шакіруе, што двор узарвалі цалкам нядаўна, у канцы васьмідзесятых гадоў. І тая белая свежая цэгла, якой паводле сваёй фантазіі нехта надумаўся прыбудавацца да ўцалелага флігеля.

* * *

Разлёгшыся на зялёнай траве старога парка, гартаем прывезеныя з Польшчы даведнікі. Найгорш, што прасякнуты яны „крэсавай” рамантыкай. Усё тут польскае, польскае, польскае! У сапраўднасці — месца не менш важнае беларусам, хаця б па той прычыне, што тут, у багатых кнігазборах Хамінскіх, знойдзена ў XIX ст. хроніка Вялікага княства Літоўскага ад 1550 года (Хроніка Быхаўца), каштоўны помнік старабеларускай пісьменнасці.

Знаёмімся з гісторыяй роду і месца. Першыя тут былі Гаштолды. Пасля ў 1500 годзе маёмасць купляюць Кацелы, далей пераходзіць ён у рукі Кішкаў, далей Казел-Паклеўскіх. Урэшце ў 1679 годзе маёнтак купляюць Хамінскія і ў іх руках Альшэва будзе па 1939 год.

* * *

Альшэва ў міжваенны перыяд, бачанае вачыма віленскага фатографа і краязнаўцы Яна Булгака (найлепш закрыць вочы):

Альшэва — гэта незвычайная старонка, у гэтай каляровай, ахінутай марамі, геаграфіі. Паглядзіце, калі ласка, самі: Недзе ўнізе, у глыбокім яры, раптам мроіцца двор і ў блакітным тумане золку выплывае сваімі размытымі абрысамі, вабіць сакрэтнасцю глухой адзіноты. Над шырокай, разлітай сажалкай, сярод векавых дрэў, грацыёзнай кампаніяй прытуліліся будынкі. За імі, на абрывістых узгорках шуміць лясны парк: чарнее суровы яго воблік у застылым люстры вады. А бераг працягваецца крутымі меандрамі, то высіцца наёршанымі вольхамі, то хаваецца ў зялёныя заколлі, па-над якімі швэндаюцца ваўністыя аблокі імглы. Двара не відаць — сцерагуць яго дрымучыя дрэвы ля вады. Высокія, векавечныя, яны ахінаюць пад сваім панаваннем усю сажалку, горнуць пад свае крылы ўзгоркі, ірвуцца ўгару, разбягаюцца па-баках, прасвятляюць магутнае голле ў сумным люстры вады. Сцелюцца яны ўсюды, несучы змрочную, насычаную маляўнічасць.

* * *

Не менш маляўнічая асоба самага слаўнага прадстаўніка роду, апошняга мсціслаўскага ваяводы Францішка Ксаверыя Хамінскага. Сябраваў ён з гетманам Міхалам Казімірам Агінскім, разам з якім прыступіў да Барскай канфедэрацыі. Праславіўся як любімец караля Станіслава Панятоўскага, ад якога атрымаў званне пінскага старасты, генерал-маёра літоўскага войска і ўрэшце мсціслаўскага ваяводы. Супольна з Іаахімам Храптовічам і Антонам Тызенгаўзам быў шматгадовым паслом у Сейм, дзе праявіў талент аратара. Займаўся таксама паэзіяй, пісаў оды, перакладаў творы Гарацыя, Расіна, Карнея. Вылучаўся асаблівым талентам: нягледзячы на высокі даход ад маёнтка і дзяржаўнай дзейнасці — быў вечна без граша! Ажаніўся з Сафіяй Тызенгаўз, раней разведзенай з літоўскім падскарбным.

У даведніках знаходзім весткі пра альшанскую рэзідэнцыю, славутую багатай калекцыяй інкруставанай мэблі XVIII стагоддзя, партрэтаў і жывапісу, багатай бібліятэкай і архівам. Палац быў вытанчаным прыкладам рэгіянальнага дойлідства. Пабудаваны з тоўстых бярвенняў, на відным фундаменце, завершаны высокім мансардавым дахам, штораз быў мадэрнізаваны. У пачатку XIX ст. дабудаваны тут драўляны порцік, пазней — два мураваныя бакавыя крылы ў гармоніі стылю галоўнага корпусу, каб разам напамінаць падкову.

* * *

Яшчэ ў даваенны час Альшэва вылучалася гаспадарлівасцю і асветніцтвам. Аляксандр Хамінскі (ведаў дзевяць моў), вядомы як грамадскі дзеяч і дэпутат Думы, праславіўся як добры гаспадар. Гэта ён разбудоўваў і мадэрнізаваў маёнтак, увёў сучасны прамыслова-сельскагаспадарчы стыль гаспадарання. За яго часоў дзейнічалі два вадзяныя млыны, была электрастанцыя, гумны з малатарняй, гарэлачны завод, пякарня, кузня, сушыльня сасновых шышак, цагельня, смалярня. Практыкавалася пашырэнне агародніцтва, гадоўлі коней, пчалярства і рыбаводства. Працаваў магазін, карчма і бясплатная пачатковая школа, арганізаваная за кошт уласніка.

У савецкія часы тут размяшчалася школа і жылыя кватэры настаўнікаў. Працавалі бібліятэка і клуб.

Гістарычны будынак развярнулі бульдозерамі і трактарамі па невядомай прычыне.

* * *

На старым будынку дварскога, а пазней калгаснага, хлява, быццам дапаўненне жахлівай карціны самоты чыпеў худы бусел. Ці не пакінула яго тут, хворага і бездапаможнага, добрая сям’я, сама адляцеўшая ў сонечны вырай? Апошняе — як пасля шведскага патопу!

Добра, што недалёка плыве казачная Страча. Кантакт з чароўнай, блакітнай вадой непрыкметна вяртае энергію і радасць вандравання.


папярэдні адрэзак        наступны адрэзак