Ніва № 39(2315), 24 верасня 2000 г.
Беларусь-2000

Шляхоцка-калгаснае Камарова

Ганна КАНДРАЦЮК

— То паехалі ў Вільню! Там хаця кавы ўрэшце пап’ем, — марылі мы ўголас, пабачыўшы ўказальнікі з назвай літоўскай сталіцы, каля якой мы былі ўжо блізка.

На шляху з Полацка ў Вільню не нам першым хацелася піць. Паблізу Канстантынава, на старажытным Вітаўтавым тракце, знаходзяцца сляды даўняга калодзежа. Паводле легенды, калодзеж выкапалі спецыяльна Сцяпану Баторыю, які ў спякотны летні дзень паміраў тут ад смагі, ідучы ваяваць з Масквой.

— Але, паедзеш у Вільню! — асадзіў нас Саша, інфармуючы пра неабходнасць візы для грамадзян Беларусі, уязджаючых у Літву. Мы — калі ласка, але без Сашы і яго „Аўдзі”.

* * *

У Камарове, па той жа Віленска-Полацкай шашы, наведваем палац графа Стажэньскага. Раней двор належыў Хамінскім з недалёкага Альшэва, у першай палове XІX cт. Пашковічам, далей Барткевічам. У канцы мінулага стагоддзя, аж па часы Другой сусветнай вайны, уласнікамі маёнтка сталі згаданыя ўжо Стажэньскія.

Палацавы ансамбль з жылой і гаспадарчай забудовай, дваццацігектарным паркам, сажалкамі, нягледзячы на занядбанне, зачароўвае сваёй густоўнай, лёгкай архітэктурай. Мадэрнісцкі двор пабудаваны на плане падковы. Фасад палаца здоблены рызалітам з калонавым порцікам і мансардам, завершаным паўкруглым франтонам з гербам Стажэньскіх — лісам у кароне. Па баках мансарда знаходзіцца балюстрадны атык, сцены аздоблены рытмічнай нарэзкай.

Зараз у палацы жывуць кватаранты, абыякавыя на панскую эстэтыку. Дзе-нідзе асыпаецца тынк, сцены з’ядае брудна-жоўты лішай, ваконныя рамы памаляваныя на зялёна-блакітны колер. Ад чорнага ходу — гурба парэзаных таполяў. Загоны з гароднінай. На шнурку сохне памытае адзенне.

— А мог бы тут быць файны прыродазнаўчы музей, — гадаем уголас, прыбітыя занядбаным выглядам будынка.

* * *

У Камарове, насупраць калгаса за іржавай агароджай, фатаграфуем пякарню. Будынак з палявога камення і чырвонай цэглы, аздоблены дзікім вінаградам. Прыцягвае ён увагу стараннай адбудовай і навакольным упарадкаваннем. Ёсць нават сметнік дапасаваны пад колер будынка, жалезна-каменная агароджа. Як добра мы прадчувалі, будынак аднавіў немец — калега старшыні мясцовага калгаса. Нямецкая работа тут як нідзе кідаецца ў вочы. Забудова калгасаў, вёсак ці мястэчак што і раз напамінала нам пра беднасць і прыгнёт жыхароў краіны. Пра абыякавасць да прыгажосці, уласцівую пазбаўленаму надзеі грамадству.

* * *

Па-суседску будынкаў Сельскагаспадарчага тэхнікума, што знаходзіцца ў колішніх афіцынах, чакаў нас мілы сюрпрыз — будынак з шыльдай „Кафэ-рэстаран”. Падбадзёраныя і шчаслівыя, рашучым крокам рушылі мы на доўгашуканую кавусю! Толькі было тое радасці... што ішлі ў кафэ! На месцы прывітаў нас замок на дзвярах і картачка з надпісам „По воскресениям кафе не работает”.

— Навошта пабудавалі калгасы? — дапытвалася Цалінка, абыякавая да нашых адчайных пошукаў, вынесенай ледзь не пад неба, кавы.

Як лёгка дадумацца, смагу распальвалі ўсё большыя перашкоды і „абставіны”! Ды і датычыла яна толькі дзвюх асоб, у тым ліку Сцяпана, які першы раз апынуўся за ўсходняй мяжой.

— To jest absurdalne! — паўтараў. — To jest absurdalne!


папярэдні адрэзак        наступны адрэзак