Ніва № 38 (2314), 17 верасня 2000 г.
Беларусь-2000

Нарач — возера як сэрца

Ганна КАНДРАЦЮК

Нядзеля ў Маладзечне паказалася як звычайны, поўны мітусні, працоўны будзень. У горадзе жыва вылучаўся адзін напрамак — дарога на рынак! Не пытаючы дарогі, разам з хваляй натоўпу мы трапілі на гарадскі базар. Можна купіць і прадаць тут усякую усячыну: бульбу, гародніну, збожжа, абутак, мяса, карціны, сабак...

Уражваў прыбіты, вялы настрой гандлю. Без духа вынаходлівасці, ініцыятывы. Ніхто ўголас не захвальваў нам свайго тавару, не хапала назойлівасці і агрэсіі, так характэрнай для нараджаючагася капіталізму.

У чым заключаецца прыцягальная сіла такога нясмелага гандлю, гадалі мы, праціскаючыся між мяшкамі і вядзерцамі з капустай і агурцамі. Ці не ў жыццёвай неабходнасці грамадзян, вядучых прыватную вайну за выжыванне? Цана прадуктаў прапанаваных дзяржаўнымі магазінамі шакіруе. Кілаграм каўбасы каштуе там 3-5 долараў, сала — 2 долары, хлеб — 20 цэнтаў, прычым тыповая беларуская зарплата вагаецца ў межах 20-30 долараў.

У Маладзечна прыехалі мы з канкрэтнай мэтай, — паснедаць ды паглядзець краязнаўчы музей. Рэстаран, куды завіталі мы з надзеяй папіць араматнай кавы, яшчэ не працаваў. Таксама не пашанцавала з музеем, які адкрываюць толькі ў працоўныя дні. У бары каля рынку, дзе сядзелі адно мужчыны, пахла кіслым гурком. Сам горад не заахвочваў да бліжэйшага знаёмства. Было нават прыемна пакідаць Маладзечна. Па дарозе папалася на вочы калона адслужыўшых сваё грузавікоў і камбайнаў, абазначаных лозунгам — „Ураджай 2000”!

* * *

Дарога на Нарач паказалася цалкам прыемнай. Бясконцыя лясы, быццам бальзам, лагодзілі і супакойвалі прывезеную з Польшчы прэтэнцыёзнасць. Сцішка засмоктвала нас беларуская меланхолія і абыякавасць. Час ад часу сустракаліся групы маладзёнаў, прапануючы продаж вугроў і ракаў. Радзей трапляліся грыбнікі, наўздзіў усе ў спартыўных касцюмах.

Здзіўляла нас крыху гэтая гандлёвая актыўнасць ля шашы, бо знаходзіліся мы ў межах Нарачанскага нацыянальнага парку. Запаведнік існуе з 1999 года, займае плошчу 94 тысячы гектараў. Апрача возера Нарач і навакольных лясоў, парк уключае ў свой састаў азёры Мястра, Баторын, Мядзел, Балдук, Свір, Вішнеўскае, Малая і Вялікая Швакшта.

На Нарач дабіраемся ад мясцовасці Занарач. На асфальтаванай вуліцы дзе-нідзе сохне раскінутае сена. У вёсцы цішыня і бязлюддзе. З дапамогай мясцовага дзядзькі знаходзім добрае месца для купання. Але пакуль да вады — момант захаплення. Нарач падабаецца інакш як усе раней вядомыя азёры. Яго вабнасць засакрэчана ў дастойнай прастаце і адкрытасці. Сваім кшталтам падобнае яно на чалавечае сэрца.

* * *

Уваходзім у хвалі возера і зразу сюрпрыз! Мала таго, што празрыстая вада пахне аерам і рыбай. Пад нагамі сцелецца мяккі, ласкавы пясок. Лагодны бераг запрашае ў далёкі шпацыр па возеры. Менавіта... ідзем уперад дзвесце, трыста, чатырыста метаў... а вады ўсё па калена. Побач вострава, парослага трысцём, пялёскаецца дзікае птаства. Між хвалямі— прызабытая старая лодка. Здарожаны вандроўнік можа прысесці ды нават прылегчы ў гасцінным возеры. Нельга толькі аглядацца назад, у бок вёскі Занарач, дзе палохае архітэктурнае кашмарышча.

Улічваючы памеры, Нарач (займае 8 тысяч гектараў, даўжыня: з захаду на ўсход 13 кіламетраў, з поўначы на поўдзень 10 кіламетраў, максімальная глыбіня 25 метраў) называюць беларускім морам. На берагах і паўвостравах выступае характэрная марскім узбярэжжам расліннасць, між іншым, карлікавая сасна. Цікавасць выклікаюць таксама разнавідныя тыпы берага: пясчаныя пляжы, бераг з валунамі і стромымі кліфамі або багністая недаступная дрыгва.

У прыбярэжным лесе знаходзім сляды ваенных траншэяў і акопаў, што прызывае рэха бамбардзіровак, ваеннага кашмару. Такі беларускі кактэйль на развітанне з боскім возерам Нарач. Соль табе ў вочы!

* * *

— Нічэво не палучыцца, чайнік сламалса! — інфармуе нас абыякавым тонам барменка ў мястэчку Нарач, куды заехалі папіць кавы.

Сам цэнтр прадстаўляе сціплую, не надта вабную карціну. Бела-шэрыя мураванкі напераменку з хаткамі-небагаткамі, лужы, некалькі дрэў на месцы колішняга рынку, сонныя, прыбітыя нудотным жыццём і доляй жыхары. На касцельным пляцы мінаем мужчын, прысеўшых на кукішках. Гадаем, чаму гэтая нявыгадная пастава такая папулярная ў беларускім краявідзе. Ці сімвалізуе яна дастойны момант перад узлётам... ад рэчаіснасці?! Як правіла, практыкуюць яе грамадзяне з чырвонымі насамі.

Наведваем нешматлікія тут архітэктурныя помнікі: мураваную каменную царкву і касцёл св. Андрэя ў стылі несапраўднай готыкі. Дзверы касцёла адкрывае брат Дымітр, паслушнік манастыра кармелітаў босых. Будынак ордэна, вядомага сваёй сціпласцю і ўбоствам, адзін з самых відных і дагледжаных у мястэчку. Там жа і памяшканне Саюза палякаў.

— Старэйшыя прыхаджане не хочуць беларускай мовы ў касцёле. Яны — абаронцы польскасці і польскай мовы, — кажа найперш па-руску, далей па-польску і ўрэшце па-беларуску паслушнік Дымітр, сам родам з Нясвіжа. — А моладзь... па-рознаму ўспрымае беларускія багаслужбы. Для многіх гэта родная мова.

Каштоўнасць парафіі становяць абраз Анельскай Божай Маці і старыя арганы. Побач касцёла драўляная званіца XVIII стагоддзя і крыж Strazy Mogil Polskich пастаўлены ў 1992 годзе ў гонар Арміі Краёвай.

Брат Дымітр абдароўвае нас на дарогу святымі абразкамі і культурна-рэлігійным беларуска-рускім часопісам „Дыялог”. У зваротнай дарозе зноў сустракаем дзядзькоў на кукішках. У адрозненні ад іх маем магчымасць хутка развітацца з пасёлкам Нарач, вядомым да вайны як Кабыльнік!


папярэдні адрэзак        наступны адрэзак