Ніва № 37 (2313), 10 верасня 2000 г.
Беларусь-2000

Першы дзень — першы цуд!

Ганна КАНДРАЦЮК

Непадалёк вёскі Біскупцы папсаваўся наш мікрааўтобус. Алесь Лобан, наш стары гід і шафёр у адной асобе, бездапаможна развёў папаранымі рукамі.

— Канец падарожжа! Дабярэмся ў Ліду, адтуль у Гродна і дадому. З такімі рукамі нідзе вас не павязу.

На дадатак наш гродзенскі сябра ўспомніў, як цэлы тыдзень яму не складалася гэтае падарожжа.

— Відаць, так мела і быць, — уздыхнуў, убіваючы апошні цвік у труну.

Так пачалося нашае падарожжа па Беларусі, куды прыехалі мы 12 жніўня г.г. А мела жа ж быць так цудоўна! Тыдзень бадзяння па беларускіх вёсках і мястэчках, пляжы, вернісажы. Карціны Шагала, Браслаўскія азёры, старажытны Полацак... Ад нечаканай бяды зрабілася смяртэльна ціха, як перад ураганам!

* * *

— І што тут рабіць?! Кожны з нашай кампаніі: Лена Глагоўская з дачкой Цалінкай, я з мужам Сцяпанам і гісторык Вячаслаў Харужы камбінавалі як конь пад гару. Што тут прыдумаць, каб не вяртацца? Нават падарожжа аўтобусам ці чыгункай здавалася лепшым за вяртанне ў Беласток. Вось даехаць хаця б у Навагрудак і там падумаць. Або пасядзець там два-тры дні і прасякнуць хоць кропляй рамантызму, абяцанага польскай літаратурай.

Нашу дарогу зрэдчас міналі аўтамабілі і машыны. Нягледзячы на уік-энд (была субота) і канікулы, дарожны рух быў ледзь прыкметны. Ды як і трапляўся нейкі самаход, нікому з шафёраў не хацелася затармазіць побач нашага гора. А нашай машыне, мала што „зламалася”, як кажуць у Беларусі пра аварыю, то і яшчэ ўзарваўся радыятар. Прыбітыя, галодныя і бездапаможныя спаглядалі мы ў неба. Але і там не было добрага знаку. Наадварот, як на злосць, збіраліся чорныя хмары ды жахалі маланкі.

* * *

— Skad jestesсie? Z Polski? — перад намі, быццам з неба, з’явілася манашка з добрым абліччам. Сястра вярталася з Навагрудка ў свой кляштар у Каменцы. Без лішніх слоў падчапіла наш мікрааўтобус да свайго „Нісана”. Па дарозе мы думалі пра наш цуд — спецыяльнасць беларускай зямлі! Тут, як нідзе ў свеце, дапамагае выжыць вера. Неўзабаве бойкая сястрыца дабуксіравала нас у Ліду. За акном машыны бушавала навальніца.

* * *

Падпалкоўнік Станіслаў Суднік прыйшоў на сустрэчу са сваімі газетамі „Наша слова” і „Лідскі летапіс”. Знаёмімся ля помніка Францішку Скарыне. Рэдактар і сустваральнік руска-беларускага вайсковага слоўніка, распавядае пра мясцовых беларусаў. Большасць з іх католікі. Некаторыя лічаць сябе і беларусамі, і палякамі, у залежнасці ад кан’юнктуры.

— На нашы мерапрыемствы прыходзяць ветэраны-АКаўцы з Саюза палякаў. Падтрымліваюць нас. „Prowadz, Staszek, nas na Moskala” — жартуюць.

Многа спадзяванняў і надзеі звязваюць у Лідзе з адкрыццём тут Вышэйшай педагагічнай установы. Горад падмацаваўся б і інтэлектуальна, і нацыянальна. Бо зараз уся моладзь, закончыўшы сярэдню школу, з’язджае ў Гродна або Мінск. Цікава, што моладзь, якая штодзень гаворыць па-руску, выбірае экзамены на беларускай мове, — адзначае Станіслаў Суднік. У Лідзе школы працуюць яшчэ на беларускай мове.

* * *

У кампаніі слаўнага беларуса-вайскоўца наведваем горад. Пачынаем, вядома, ад Лідскага замка. Зараз будынак недаступны наведвальнікам. Замак-нешчаслівец месцамі сыплецца. Уваходу на дзядзінец сцеражэ бетонная брама, родам з савецкай эстэтыкі, запертая тоўстым замкам ды памазаная надпісамі тыпу „Здесь был Саша”, „Здесь была Маша”.

Цяжкі час дасведчыў не толькі легендарную крэпасць, але і сучасную візітную карту горада — „Лидское пиво”. Паводле аматараў напою, вараць яго на рысавым экстракце. Ды і падаражэла яно ад мінулага года ў тры разы!

Толькі Дом палякаў трымае фасон. Зараз гэта самы шыкоўны будынак у цэнтры Ліды. Наведваем гэту ўстанову адвячоркам. На дзвярах рускамоўныя аб’явы.

— Завтра у нас занятия, — паінфармавала таксама на мове Савецкага Саюза вахцёрка. Дзякуючы добрым сувязям Станіслава Судніка, аглядаем будынак усярэдзіне. У канферэнцыйнай зале адно польская сімволіка. Школьная зала — вось такой пазайздросціў бы не адзін універсітэт у Польшчы. Дзіўна сябе адчуваю ў гэтым будынку, неяк падобна як у касцёле ў Беларусі! Уражанне мацуе брама ў выглядзе трыумфальнай аркі.

* * *

Апошнюю частку вечара праводзім у спадарства Лобанаў, лекараў-псіхіятраў. Гаспадары ўгашчаюць нас адметнай вячэрай... салатам са свежай свойскай гародніны, варанай бульбай, печаным мясам нашпігаваным часначком, элітарнай гарэлкай „Панскі дом”. Пані дому ў час непрысутнасці мужа распавядае пра фінансавыя клопаты. Лекар-псіхіятр з дваццацігадовым стажам і спецыялізацыяй зарабляе сорак долараў.

— Прыйдзеш з работы і на дачу трэба ехаць. Капаць бульбу, палоць буракі, даглядаць памідоры. А чалавек жа ж хацеў бы пасля працы адпачыць, у водпуск на некалькі дзён паехаць.

Самы вялікі выдатак у сям’і звязаны з вучобай дзяцей. Двух сыноў спадарства Лобанаў — студэнты англістыкі Гродзенскага універсітэта.

— Толькі за найманне кватэры ў Гродне трэба заплаціць дваццаць долараў, — наракае гаспадыня.

* * *

Яшчэ ў суботу рашаем астацца ў Беларусі. Лена Глагоўская з дапамогай сваёй былой студэнткі Ірэны, якую сустрэлі мы едучы ў Гродна, знаходзіць новага шафёра. Таксіст Саша па адукацыі інжынер-механік. Саша гатовы падарожнічаць з намі па любым кутку Беларусі.

Раніцай у нядзелю пакідаем Ліду. Наша мэта — Нарач.


наступны адрэзак