Ніва № 23 (2352), 10 чэрвеня 2001 г.

Цi ставiм на сваё?

Дарафей ФIЁНIК

У артыкуле Аляксея Мароза „Ставiм на сваё, беларускае” („Нiва” н-р 20 ад 20 мая 2001 г.) пабачылi мы вельмi прыгожы вобраз Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску-Падляшскiм. Вобраз школы, у якой цэняць i развiваюць усё, што роднае, што найблiжэйшае сэрцу, дзе не iдуць за моднай цяпер iндактрынацыяй дзяцей у еўрасаюзным напрамку i не арганiзуюць абсурдных „еўрапейскiх” святкаванняў. Усё гэта праўда, i ўсё гэта вельмi добра. I той школай трэба нам даражыць. Аднак я лiчу яе школай невыкарыстаных шанцаў.

У бельскай „тройцы” (буду пры старой назве) навучаецца 900 дзяцей, вучыць iх за пяцьдзесят настаўнiкаў. Большасць, як адных, так i другiх — гэта праваслаўныя беларусы. Здавалася б натуральным, што на калiдорах i ў класах павiнна гучаць беларуская цi свая — руская (падляшская) мова. Родную мову, аднак, пачуем амаль выключна за закрытымi дзвярамi кабiнетаў беларускай мовы. Настаўнiкi ў зносiнах з вучнямi i паміж сабою першынство даюць польскай мове, на ёй вядуцца пасяджэннi педагагiчных радаў. На жаль, у гэтым плане не ставiцца на сваё.

Задумаймася цяпер над чалавечым патэнцыялам школы: цi ён выкарыстаны дастаткова? Чым, апрача добра пастаўленага спорту можа яна пахвалiцца, асаблiва ў галiнах нацыянальнага жыцця (бо спорт — звышнацыянальны)? Маем амаль тысячу дзяцей i фактычна толькi адзiн мастацкi калектыў „Журавiнка”, у якiм удзельнiчае каля дзесяцi дзяўчынак i адзiн хлопец. Нiчым iншым на такiм узроўнi школа пахвалiцца не можа. А думаю, што магла б; з гэтых дзетак можна было б стварыць некалькi добрых малых хораў народнай песнi (кшталтам „Ранку” з ПШ н-р 4 у Бельску), калектыў песнi i танца, класны пастаянны драмгурток i г.п. На жаль, i ў гэтым не выкарыстоўваем шанцаў.

Вядома, галоўны цяжар нацыянальнатворчай працы заўсёды выпадаў i будзе выпадаць на настаўнiкаў беларускай мовы. Бо яны ў такой школе, так як iх калегi паланiсты — настаўнiкi патрыятызму. Яны — нацыянальная элiта школы. У „тройцы”, пра што гаварылася ў згаданым артыкуле Аляксея Мароза, яны стараюцца рабiць шмат, на ўроках i па-за iмi, кожны паводле свайго таленту i магчымасцей.

У „тройцы” дзецi амаль стопрацэнтна вывучаюць праваслаўны закон Божы. Займаюцца з iмi высокаквалiфiкаваныя настаўнiкi; хто вучыў тут рэлiгiю, ведае, якi гэта аднак цяжкi хлеб. Таму трэба выкарыстоўваць усе магчымасцi, каб дзеткам прывiць любоў да Царквы i да ўрокаў закону Божага. Школа для гэтага мае непаўторнае месца — прыгожанькую каплiцу св. Мiкалая Цудатворца, якая сваiм купалам заглядае ў школьныя вокны. Не стаiць яна тут выпадкова, на школьным пляцы некалi стаялі манастыр i царква свяцiцеля Мiкалая. Гэтая каплiца ўзведзена была Брацтвам праваслаўнай моладзi з думкаю, перш за ўсё, пра выхаванцаў „тройкi” i беллiцэя, каб яны тут, час ад часу, усе — адным сэрцам i адной душою, на чале з дырэкцыямi i настаўнiкамi маглi памалiцца свайму нябеснаму апекуну. Гавару тут пра малебны на пачатак i канец школьнага года, а таксама пра ўдзел ва ўрачыстасцях св. Мiкалая ў маі. На жаль, гэты шанц школай выкарыстоўваецца неналежна. У гэтым годзе, як i ў папярэднiм, у дзень св. Мiкалая з Мiхайлаўскай царквы выйшла працэсiя да Мiкалаеўскай часоўнi. I таксама, як мiнулымi гадамi, чакала тут параўнальна невялiкая горстачка дзяцей; настаўнiкаў амаль не было вiдаць (быў якраз доўгi перапынак). А як бы прыгожа было, каб ля ўвахода ў каплiцу хрэсны ход сустрэла дырэкцыя i настаўнiкi, просячы блаславення на добры плён адукацыйнай працы. Дзень св. Мiкалая мог бы такiм чынам стаць святам школы. Цi ж нельга спынiць урокі на гадзiнку i сабраць вучняў пры каплiцы? Вялiкую справу мы б зрабiлi.

Шмат яшчэ чаго можна было б зрабiць у школе, каб усе маглi з упэўненасцю сказаць — ставiм на сваё. I не трэба вялiкiх на гэта сродкаў. Нiчога ж амаль не каштуе камплектаваць гадавiкi „Нiвы” ў школьнай бiблiятэцы цi даваць добры прыклад дзецям настаўнiкамi — гаварыць памiж сабою i з вучнямi на сваёй роднай мове. Не згадаю ўжо пра забарону пускаць феерверкі непадалёк Мiкалаеўскай часоўнi цi перанос гарадскога амфiтэатра, якi знаходзiцца побач школы на тэрыторыi даўнiх праваслаўных могiлак. Але гэтыя апошнiя справы не тычацца школы непасрэдна, толькi ўлад горада, якiя пра яе дбаюць матэрыяльна.

I яшчэ вельмi важная рэч — Комплекс школ павiнен атрымаць свайго патрона. Найбольш адпаведным будзе Яраслаў Васiльевiч Кастыцэвiч, фактычны заснавальнiк беларускага школьнiцтва ў Бельску-Падляшскiм. Памяць пра яго шануецца ў беларускiм лiцэi. Добра было б, каб i „тройка” зрабiла вялiкi паклон у ягоны бок. Гэта i гiстарычна, i сумленна, i — перш за ўсё — выхаваўча было б.

Маю надзею, што мае словы будуць у нашай свойскай школе разважаны.