Ніва № 20 (2349), 20 мая 2001 г.

Ставім на сваё, беларускае

Аляксей МАРОЗ

— Зараз модным стала прапагандаваць веды аб Еўрасаюзе і яго краінах. Нават у нашых, беларускіх школах, вучаць аб Францыі, Швейцарыі ці Ліхтэнштэйне, а забываюць аб сваім — найдаражэйшым і найважнейшым. Добры прыклад даюць настаўнікі, якія вяртаюцца да традыцый і народных абрадаў, якія вараць куццю ці шчолак з яблык, а не рыхтуюць леча ці гамбургеры. Мы ставім у школе на сваё, беларускае, рэгіянальнае. Не арганізавалі мы мерапрыемстваў аб Еўрасаюзе, бо гэта нас не цікавіць. Мы павінны ісці ў напрамку развівання пачуцця тоеснасці з родным, беларускім і захоўваць сваю годнасць. Калі хтосьці захоча ехаць на Захад і падзарабіць, тады пазнаёміцца і з гамбургерам, і з Еўрасаюзам, — кажа дырэктар Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску-Падляшскім Васіль Ляшчынскі. — Гледзячы на навучанне беларускай мове — найважнейшыя малечы. Аднак мы не ствараем ім адпаведнага духовага ўваходу ў навучанне беларускай мове, бо няма асноўных падручнікаў і дапаможнікаў: відэафільмаў, магнітафонных плёнак і звычайных каляровых кніжачак, якімі наймалодшыя маглі б карыстацца ў час урокаў беларускай мовы. У нашай школе навучанне беларускай мове вядзем ужо з першага класа і бачым, што наймалодшых найлепш прывіваць да вучобы цікавымі каляровымі дапаможнікамі, якіх многа для вучобы па-польску. Сваіх беларускіх кніжачак няма, а калі атрымліваем кніжкі з Беларусі, то можна імі карыстацца толькі ў гімназіях і сярэдніх школах.

Цікавасць да гімназіі ў „тройцы”

У Бельску-Падляшскім скарачаецца колькасць першакласнікаў падставовых школ, але лік дзяцей, паступаючых у бельскую „тройку”, застаецца на нязменным узроўні. Плануецца, што ў першыя класы падставовай школы прыйдзе больш за 90 вучняў. Заяўкі ад бацькоў прымаюцца да верасня і калі збярэцца адпаведная колькасць вучняў, тады будзе адчынены для першакласнікаў чацвёрты аддзел. У гімназію, што знаходзіцца ў „тройцы”, паступаюць перш за ўсё свае вучні. Сёлета больш вучняў астатніх бельскіх школ стала цікавіцца гімназіяй у „тройцы” і, мабыць, будзе адчынены пяты аддзел першага класа. У Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў наступным школьным годзе будзе вучыцца больш за 900 вучняў.

— Некаторыя бацькі забылі раней падаць заяўку і зараз просяць прыняць іх дзяцей у нашу школу. Але мы можам павялічыць колькасць дзяцей у школе толькі тады, калі збярэм вучняў на дадатковы аддзел. Добра было б увесці добраахвотную вучобу беларускай мове для жадаючых паступіць у нашу гімназію і ў іншыя бельскія падставовыя школы, але для гэтага патрэбны заявы самых зацікаўленых бацькоў, — кажа дырэктар Васіль Ляшчынскі. — Вучні маюць замалы кантакт з жывой беларускай мовай. Для тых, якія дома не гавораць па-свойму, адзіным кантактам з’яўляюцца ўрокі.

Прапагандаванне традыцый

У падставовай школе і гімназіі штораз больш часу на ўроках адводзіцца прапагандаванню мясцовых традыцый. Настаўнікі вучаць абраднасці з выкарыстаннем прынесеных дзецьмі рэквізітаў. З нагоды свят вараць беларускія стравы, якімі пасля частуюцца. Вучні ходзяць на экскурсіі, а пасля апісваюць пабачанае.

— Праграму навучання беларускай мовы абапіраю на ведах аб Беласточчыне. У старэйшых класах падставовай школы і гімназіі вучымся гісторыі і знаёмімся з сучаснасцю Бельска і ваколіцы. Вывучаем абрады, якія спадарожнічаюць рэлігійным святам на Бельшчыне. Гаворачы пра розныя поры года, таксама вяртаемся да народных песень і традыцый. У кабінеце беларускай мовы знаходзіцца куток з народнымі вырабамі, дзе асаблівую ўвагу прыцягваюць вышываныя абрусы і ручнікі. Каб, аднак, нашы вучні не падумалі, што беларушчына — гэта толькі фальклор, на ўроках знаёмімся з гісторыяй і сучаснасцю Бельшчыны. Калі, напрыклад, гаворым пра Бельск, расказваем пра гістарычную вуліцу Замкавую і ў час экскурсій параўноўваем яе з сучасным Бельскам, — расказвае настаўніца беларускай мовы Валянціна Бабулевіч.

У малодшых класах

У І-ІІІ класах вядзецца інтэграванае навучанне. Настаўнікі самі вырашаюць колькі часу адводзіць у паасобныя дні на навучанне канкрэтным прадметам, калі ўводзіць гульні паміж прадметамі і перапынкі. Настаўнікі малодшых класаў, якія самі вучаць беларускай мове, спалучаюць вучобу з навучаннем матэматыкі ці ведаў аб прыродзе. У класах, дзе выхавацелі-настаўнікі не ведаюць беларускай мовы, навучанне роднаму прадмету вядуць настаўнікі беларускай мовы.

— У першым класе пачынаем вучыць дзяцей размаўляць па-беларуску і чытаць. Карыстаючыся „Букварамі” знаёмім з друкаванымі літарамі, а ў другім класе, выкарыстоўваючы галоўным чынам „Літарынку” Ларысы Бурылы, вучым пісаць. Самым маладым дзеткам арганізуем гульні, чытаем казкі, пускаем мультфільмы, хаця агучаных па-беларуску толькі некалькі ў нашай школе. Вучні любяць адгадваць загадкі і рашаць крыжаванкі. Наймалодшыя зацікаўлены выконваннем інсцэніровак да казак. Паказваюць яны герояў, размаўляючы на беларускай мове. У першым класе спатрэбіліся б сшыткі з малюнкамі, якія дапамаглі б знаёміць дзяцей з колерамі, і каляровыя кніжачкі. Лягчэй вучыць у старэйшых класах, бо ёсць кніжкі. Аднак дапаможнікі трэба ствараць ужо саматужна, — гаворыць настаўніца беларускай мовы Міраслава Маркевіч. — Каб дзеткі любілі ўрокі беларускай мовы, трэба многа прыдумваць самой. Яны лепш запамятаюць тое, што самі зробяць або пакажуць. Дзеля гэтага трэба і гуляць на занятках беларускай мовы.