Ніва № 23 (2352), 10 чэрвеня 2001 г.

Спецыфічныя рацыі мінскага палеміста

Міхал ЗАНЧЭЎСКІ

Для мяне, пільнага назіральніка за грамадскім жыццём у Беларусі, краіна гэтая бачыцца як высахлая крыніца беларускай культуры і мовы. Таму мяне не ўразіла крытычнае стаўленне Сакрата Яновіча да тамашняй рэальнасці, якое пісьменнік выявіў у артыкуле „Рэзервацыя Беларусь” на старонках варшаўскай штодзёнкі „Газета выбарчая”. Паколькі пра беларускія будні даведваюся сістэматычна з розных крыніц, цалкавітай неспадзеўкай для мяне быў адкрыты ліст Алега Трусава, адрасаваны Сакрату Яновічу („Ніва” н-р 17 ад 29 красавіка 2001 г.).

Крытыку пазіцыі Сакрата Яновіча палеміст пачаў з прынцыпаў вылучэння кіруючых кадраў цэнтральнага ўзроўню, імкнучыся на прыкладзе становішча беларусаў у міжваеннай Польшчы даказаць, што нацыянальнасць чыноўнікаў цэнтральнага дзяржаўнага апарату не мае істотнага значэння для яго стаўлення да спраў кіруемага ім грамадства. Шкада, што Алег Трусаў пры нагодзе не прыпомніў лёсы беларускамоўных кіруючых кадраў у БССР.

У справе існавання або адсутнасці беларускага народа аўтар адкрытага ліста спасылаецца на заяву Францішка Багушэвіча аб існаванні беларускай нацыі. На думку палеміста, аб існаванні беларускага народа сведчыць таксама мільён грамадзян, якія ў рэферэндуме 1991 года выказаліся за незалежную Беларусь. Ці ж можна змешваць дзве розныя справы: этнічна-нацыянальную тоеснасць з дзяржаўнай прыналежнасцю? За незалежнасць Беларусі галасавалі таксама небеларусы.

Аб адмоўным, а часам нават пагардлівым, стаўленні большасці жыхароў не толькі сталіцы Беларусі, у тым ліку прадстаўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі, да беларускай мовы даведваемся адразу на граніцы, а потым у час пакупак, напрыклад, у кнігарнях, дзе беларускамоўных кліентаў лічаць дзівакамі.

Прыведзеныя Алегам Трусавым даныя аб беларускамоўным школьніцтве (31 беларуская школа ў гарадах, з іх 5 у Мінску) выразна сведчаць, што датычыць яно невялікай колькасці тамашніх дзяцей і дарастаючай моладзі. Адным словам: сапраўдныя беларусы ў сваёй краіне з’яўляюцца меншасцю! А паколькі этнічная меншасць амаль усюды прыгаворана на растварэнне ў акружаючай яе большасці, акрэсленне Сакратам Яновічам нацыянальнага становішча ў Беларусі адсутнасцю там беларускага народа, прынамсі ў гарадах, блізкае праўды. За нядоўгі час (можа пры пару пакаленнях) можа адбыцца знікненне не толькі саветызаванай, але якой-небудзь беларускай нацыі на сваёй роднай зямлі. І не адменіць гэтага факт, што тысячы ці дзесяткі тысяч інтэлектуалаў ці звычайных „homo sovieticus” карыстаюцца штодзень беларускай мовай або трасянкай. Указванне аўтарам ліста на падобную, а можа яшчэ больш складаную моўную сітуацыю ў Крынках ці Беластоку не мае сэнсу, паколькі гэтыя мясцовасці знаходзяцца ў Польшчы, а не ў Беларусі, а іх жыхары складаюць меншасць сярод польскага насельніцтва.

Магчыма, што тое, аб чым аўтар адкрытага ліста хацеў пахваліцца чытачам, поўнасцю заслугоўвае звання „беларускай рэзервацыі”. А гэта значыла б, што ў Беларусі ёсць яшчэ што ахоўваць. А мо не зусім высахла тамашняя крыніца беларускай мовы і культуры?