Ніва № 4 (2333), 28 студзеня 2001 г.

Свой павет

Паважаны Спадар Латышонак!

Чытаў я Ваш артыкул аб задзіночанні Гайнаўкі і Бельска („Ніва” № 53 ад 31.12.2000 г.). Не магу згадзіцца, каб адбылося гэта ў прапанаванай Вамі форме. Атрымліваецца, што трэба дэградаваць, а мо нат перасяліць Гайнаўку ў Бельск. Замест аб’ядноўваць, выносіце Бельск на п’едэстал, а Гайнаўку зводзіце да згаданага Вамі гарматняга мяса.

Па-першае, Польшча ніколі не аддасць нам Бельска, дзе большасць насельніцтва складаюць палякі, а і крайнія нацыяналісты — скіны — заяўляюць там аб сваёй прысутнасці (напрыклад, некалькі гадоў таму падчас „Бардаўскай восені”). У нас, у Гайнаўцы, скінаў — нуль.

Па-другое, я так хутка не вымазваў бы Гайнаўкі з павятовай карты. Хаця ў нас цяжка, то маю ціхую надзею, што горад ператрывае. Да 5 тысяч насельніцтва давесці Гайнаўку можа толькі пашырэнне Белавежскага нацыянальнага парку. А пакуль што горад налічвае 24 тысячы жыхароў. Здзіўляе мяне, што Вы, беларус, так сама як міністр Такарчук, спісваеце нас у расход. Адкуль бярэцца гэтая паўсюдная нянавісць да беднай, самотнай Гайнаўкі? За што?

Па-трэцяе, павет у Бельску абазначаў бы для гайнавян трыццацікіламетровую вандроўку для афармлення спраў. Не згадваю транспартных складанасцей жыхароў Белавежы, Нараўкі ці Масева ў снежную зіму. Навошта хочаце ўскладняць жыццё суродзічам!

Здзяйсненне Вашых планаў — гэта выйгрыш для Бельска, а пройгрыш для Гайнаўкі. Бельск стане тады вялікім паветам, а Гайнаўка пойдзе на заняпад. Бельск атрымае ўладу над роўным сабе па колькасці насельніцтва горадам, а Гайнаўка апынецца ў шэрагу гмінных цэнтраў — разам з Чыжамі, Нараўкай ці Дубічамі-Царкоўнымі. Чаму Гайнаўка мае пацярпець, а Бельск дабіцца карысці? Гайнаўка — тыпова прамысловы горад. Цяпер цяжка ў ім знайсці працу, закрываюцца заводы, чыгунка спыняе пасажырскі транспарт, цэлыя групы працоўных трацяць месца працы. Няма тут ні суда, ні фінансавага аддзялення, бо такія ўстановы дзейнічаюць у Бельску. Падобнае можа здарыцца са шпіталем. Толькі павет у нейкай ступені прыдае важнасці гораду. Ліквідацыя павета была б чарговым цвіком у труну. Быў бы гэта смяротны ўдар па Гайнаўцы — своеасаблівай жамчужыне беларускай культуры (Бельск застаўся б сам на пляцы бою, а ўсе беларусы апалячыліся б у тры міга).

Гайнаўка — адзіны павет, у якім беларуская меншасць складае большасць. Гайнаўскай гмінай кіруе Вольга Рыгаровіч, пастаянная ўдзельніца беларускіх фэстаў. Горад узначальваюць Анатоль Ахрыцюк і Яўген Сачко. Гэты апошні — дырэктар Беларускага ліцэя. Павету старшынюе Уладзімір Пятрочук — беларус з Палічнай. Я не чуў, каб яны паміж сабою сварыліся.

Бельск апынуўся ў лепшых эканамічных умовах. У яго спрыяльнае палажэнне, сюды прыязджаюць інвестары, прывозяць з сабою капітал. Аднак магутнасць мясцовых беларусаў слабее. Цяпер у Бельску сварацца „польскія” ўлады павета з „беларускім” магістратам. І так будзе заўсёды. Нават можа быць горш, паколькі Бельск — своеасаблівае поле змагання паміж палякамі, беларусамі і ўкраінцамі. Адны беларусаў паланізуюць, другія — украінізуюць (у Гайнаўцы самымі актыўнымі з’яўляюцца беларускія арганізацыі; пра ўкраінскія тут не чутно). Беларусы ў Бельску ніколі не будуць мець улады на ўсіх узроўнях (у адрозненні ад Гайнаўкі).

Самі ж Вы сказалі, што праваслаўныя ў Бельску хутчэй страцяць магчымасць перамогі на выбарах, чым у Гайнаўцы. Наўрад ці бельскія ўлады дбалі б пра датацыі для Гайнаўкі, выступалі б супраць пашырэння парку. Хутчэй не. Паліквідавалі б у нас усё, а за датацыі ад пашырэння парку разбудавалі б Бельск. Бяда была б жудасная, людзі выехалі б у Бельск і іншыя гарады. І такім чынам раскінулася б суцэльная беларуская супольнасць. Вёскі ўжо апусцелі, апусцела б і Гайнаўка. Беларусаў у вялікіх гарадах чакае непазбежная асіміляцыя.

Думаю, што замяняльнік „беларускага павета” ўжо існуе — гэта Гайнаўскі павет, паколькі ў Бельску не будзе суцэльнай беларускай улады. Прапанова ў адрас дзяржаўных улад стварыць беларускі павет здаецца мне недарэчнай, паколькі ставіліся б яны да нас больш адмоўна і давалі б меншыя датацыі. Ва ўмовах, калі польскія ўлады перасяляюць палякаў з Казахстана, ці ж пачнуць аддаваць беларусам польскія гарады? Што ж за пустыя мары! Давайце тады падтрымоўваць Гайнаўскі павет і не нішчыць таго, што маем. Хай Гайнаўка будзе цэнтрам, сэрцам беларускасці ў Польшчы. Тут жа будуецца Беларускі музей, адбываюцца фестывалі царкоўнай музыкі. А Бельск хай будзе своеасаблівым заслонам, памежным горадам „беларускага краю”. Калі дэградуем Гайнаўку, знішчым матачнік і самы беларускі горад у Польшчы. Калі прападзе Гайнаўшчына, знішчэнне рэштак беларускасці стане толькі справай часу.

Спадар Латышонак, разважце мае аргументы. Ці нехта адважыцца ацаніць ролю Гайнаўкі і Гайнаўскага павета для захавання беларускасці? Ці ж не лепш мець два беларускія (у большай ці меншай ступені) гарады, чым адзін. Бельск сам справіцца са сваімі праблемамі. Давайце дапамагаць Гайнаўцы!

Беларус з Гайнаўкі

Ад аўтара: Не буду крывіць душою: люблю Бельск больш за Гайнаўку. Пэўне ж таму, што я — гісторык, а гісторыкі любяць старыя месты. З маім асабістым жыццём абодва гарады нічым не звязаны, дык дарма прыпісваць мне нейкую нянавісць да Гайнаўкі.

Пра пяць тысяч жыхароў Гайнаўкі ў будучыні гаварыў віцэ-міністр аховы прыроднага асяроддзя Януш Радзяеўскі, не я. Не я хачу выкрасліць Гайнаўку з карты. Агаворка спадара Радзяеўскага прымушае падазраваць, што аб ліквідацыі Гайнаўскага павета думаюць чыноўнікі недзе там у Варшаве. І гэта адбудзецца няўмольна, хаця б у выніку хуткага адмірання вясковага насельніцтва Гайнаўшчыны. У выніку Гайнаўка апынецца ў полі, або ў лесе. Усё-такі, калі ліквідацыя Гайнаўскага павета мае адбыцца проста адміністрацыйным чынам, дык буду абараняць гэты павет сваёй груддзю разам з Вамі, паважаны чытач.

Сутнасць маёй прапановы ў тым, каб замест адміністрацыйнай ліквідацыі Гайнаўскага павета адбылося аб’яднанне Гайнаўкі і Бельска разам з магчыма найбольшай колькасцю гмін, населеных беларусамі.

Таму прапаную спярша аб’яднанне беларускіх асяроддзяў Гайнаўкі і Бельска, каб распрацаваць канцэпцыю гэтага аб’яднання. Маем прыклад такога аб’яднання на ваяводскім узроўні: каб стварыць Куяўска-Паморскае ваяводства дагаварыліся між сабой Быдгашч і Торунь, а ўзаемная нелюбоў жыхароў гэтых гарадоў даволі шырока вядомая.

Аб’яднанне праведзенае гэтакім чынам, гэта шмат кампрамісаў: у вас стараства, у нас камендатура паліцыі, у вас фінансавае аддзяленне, у нас шпіталь і г.п. і г.д.

Дзеля гэтага трэба шмат працы і яшчэ больш добразычлівасці. Насуперак таму, што піша чытач, я не бачу такой добразычлівасці і супрацоўніцтва нават між гайнаўскімі ўладамі розных узроўняў. Калі ўязджаеш з беластоцкага накірунку ў Гайнаўку, коле ў вочы помнік марнатраўства ў маштабе павета: новы будынак гімназіі ў Дубінах. Навошта будаваць новыя школы пад горадам, у якім трэба будзе зачыняць школы, бо не хопіць вучняў? Не лепей было б пабудаваць, напрыклад, басейн пры адной з гайнаўскіх школ? Дый месца пад гімназію падабрана сімвалічна: далёка ад людзей, затое блізка могілак. А падобны помнік збіраецца ўзвесці бельскі войт у Аўгустове.

На канец аб тым, што беларускі павет гэта „недарэчнасць” і „пустыя мары”. Дык яшчэ раз пытаюся: адкуль нам гэта ведаць, пакуль прынамсі не спрабуем ажыццявіць гэтую мару?

Алег ЛАТЫШОНАК