Ніва № 53 (2329), 31 снежня 2000 г.

Свой павет

Алег ЛАТЫШОНАК

Нашумеў на нашым падляшскім панадворку г.зв. ліст 14-ці, але сапраўднай дыскусіі так і не выклікаў. Асноўная прычына, відаць, у змесце ліста, у якім знаходзім толькі пералік крыўдаў, і ніякіх патрабаванняў. У выніку шмат хто з палякаў мог запытацца, чаго нам нарэшце трэба: пасадаў, грошай ці можа Беластоцкага краю?

Для мяне таксама няясна, чаго хацелі дасягнуць царкоўныя праваслаўныя колы, з якіх гэты ліст выйшаў. Добра, што звярнулі ўвагу на тое, што праблема самаадчування рэлігійнай і нацыянальнай меншасці ў Падляшскім ваяводстве існуе. Тым не менш мусім сказаць сабе самім, чаго нам трэба.

Без адказу на гэтае пытанне, інакш кажучы, без праграмы, прадметам палітычных размоў будуць толькі месцы на выбарчых спісках, будучыя пасады ў ваяводстве, ды сякія-такія грошы на нешта.

Я сам займаўся кабінетнымі гульнямі ў паслоў і віцэ-ваяводаў, таму нікога тут не хачу дакараць. Не здзіўлюся таксама, калі чытач будзе здагадвацца, якую гульню менавіта гэтым тэкстам хачу згуляць. Усё-такі маю надзею, што хто-небудзь над гэтым тэкстам задумаецца.

Ліст 14-ці даказвае, што праваслаўныя колы здольныя выступаць як арганізатар пратэсту. Ніякіх патрабаванняў у гэтым лісце няма, бо быць не можа. Немагчыма стварыць праграму, якая аб’ядноўвала б усіх праваслаўных палякаў, беларусаў і ўкраінцаў. Скажу больш, немагчыма стварыць праграму, якая аб’ядноўвала б усіх праваслаўных беларусаў. І не таму, што беларусы падзяляюцца на палітычныя групоўкі, аб чым усе ведаюць.

На маю думку, асноўны падзел беларусаў гэта падзел на беларусаў беластоцкіх і правінцыяльных.

Беларусы ў Беластоку жывуць як эмігранты ў нейкім Нью-Йорку ці іншым Манчэстары. Праз пакаленне ніякіх беларусаў тут практычна не будзе. Скажу больш, нават праваслаўных палякаў будзе тут толькі жменька. Цяпер усіх праваслаўных у Беластоку 30-40 тысяч (хутчэй трыццаць як сорак). Прытым гэта старэйшае і сярэдняе пакаленне. Некалькі гадоў таму я даследаваў, што ў царкве ў Беластоку ахрышчаных было 8% ад агульнай колькасці нованароджаных у горадзе дзяцей. Праз 20 гадоў практычна ўсе яны створаць сужонствы з католікамі. Выхаваныя ў адной з палякамі культуры, навучаныя ў класах, дзе праваслаўных вучняў двое-трое інакш зрабіць і не змогуць.

Ператрываць больш за адно пакаленне як праваслаўныя, так беларусы змогуць толькі там, дзе іх большасць або адносна многа, дзе жывуць кампактна, значыць, у Гайнаўскім павеце, часткова ў Бельскім і Сямятыцкім.

Агульна кажучы, прасторны цэнтр выжывання беларусаў знаходзіцца між Бельскам і Гайнаўкай. Тым часам у выніку канцэнтрацыі эліты ў Беластоку тут вырашаецца, хто будзе кандыдатам у выбарах як ад беларусаў, так і ад праваслаўных. Бельскім і гайнаўскім беларусам адводзіцца роля гарматняга мяса.

На мой погляд, калі наша выжыванне як беларусаў перш за ўсё звязанае з Бельшчынай і Гайнаўшчынай, дык якія-небудзь праграмы павінны стварацца з улікам інтарэсаў перш за ўсё гэтых жа Бельшчыны і Гайнаўшчыны.

Прычына таго, што гэтыя інтарэсы не бяруцца ва ўлік — не толькі ў нейкай прываце беластоцкай эліты, але і ў тым, што Бельск і Гайнаўка, як толькі помню, заўсёды ідуць асобна. Што там Гайнаўка і Бельск. Кожны, хто цікавіцца тым, што адбываецца на нашым панадворку ведае, што Гайнаўская гміна не ладзіць з горадам, падобна як павет. Тое самае ў Бельску, толькі што да ўсяго таго гмінай кіруюць украінцы, а паветам — палякі.

Я разумею, што ўсе гэтыя непалады так лёгка не знікнуць, усё ж такі хачу сказаць: калі Гайнаўка і Бельск не аб’яднаюцца, дык хутка пойдуць у след за Беластокам у палітычны нябыт.

Калісь я думаў, што такое аб’яднанне можна правесці знізу, праз, напрыклад, саюз гмін. Цяпер ведаю, што пры нашай няздольнасці да самаарганізацыі мусім упісвацца ў адміністрацыйныя структуры, створаныя ўладамі. Ды і структура нам патрэбная існуе: гэта павет.

Справа ў тым, што гэта мусіць быць павет, які аб’ядноўвае ўсе кампактна паложаныя гміны з перавагай беларускага насельніцтва. Практычна, гэта павінен быць павет, які аб’ядноўваў бы прынамсі сённяшні Гайнаўскі павет і беларускія гміны Бельскага павета з горадам Бельскам.

Тут, вядома, адразу паўстае пытанне: а дзе будзе сталіца гэтага павета, у Бельску ці ў Гайнаўцы. На першы погляд тут слабейшая пазіцыя Бельска, бо дэмаграфічныя працэсы тут такія, што праваслаўныя тут хутчэй страцяць магчымасць перамогі ў выбарах. У Бельскім павеце ўжо гэта адбылося. З другога боку, дзяржаўныя ўлады, ліквідуючы празмерную колькасць паветаў, што непазбежнае, хутчэй скасуюць Гайнаўскі павет і далучаць яго да Бельскага. А Гайнаўка, як усе мы чулі, можа тады мець і 5 тысяч жыхароў. Такім чынам, Бельск і так будзе сталіцай павета. Наш беларускі інтарэс у тым, каб гэта быў павет з беларускай большасцю, г.зн., кажучы адкырта, без гмін Рудка, Браньск і Боцькі.

У прыватных размовах я чуў не раз: немагчыма, дзяржаўныя ўлады на гэта не згодзяцца. Таму пытаюся публічна: як даведацца, згодзяцца ці не згодзяцца, пакуль мы з гэтым афіцыйна не выступім? А пакуль не назавем адкрыта, у якіх межах звычайнага павета патрабуем, каб выжыць, дык будуць нас падазраваць у нейкіх сепаратысцкіх праектах нейкага Беластоцкага краю.

Не мая тут задача, каб ствараць стратэгію развіцця такога павета. Магу толькі сказаць, што на маю думку, пабольшыцца магчымасць дабіцца дапамогі як ад урада, так і ад еўрапейскіх устаноў у сувязі з пашырэннем Белавежскага нацыянальнага парку. Пабольшыцца наогул магчымасць непасрэднага выхаду на Варшаву, абмінаючы структуры Падляшскага ваяводства. Дарэчы, я не ўпэўнены, дзе цяпер больш выхадцаў з Бельска і Гайнаўкі: у Беластоку ці ў Варшаве і каторая дыяспара больш уплывовая.

Вышэйсказанае — гэта праграма выжывання, а не выбарчая праграма. Усё-такі ад выбараў не ўцячы, бо ўваходзім у выбарчы год. На мой погляд, беларускім кандыдатам у гэтых выбарах павінен быць нехта з бельскіх або гайнаўскіх самаўрадавых дзеячаў. Выставіць гэтага кандыдата павінны разам гайнаўскае і бельскае асяроддзі. Гэтага кандыдата павінны падтрымаць іншыя самаўрады і арганізацыі, аб’яднаныя ў Беларускі выбарчы камітэт.

Такі кандыдат, як мне падказвае досвед з усіх выбараў, якія дагэтуль адбыліся, можа атрымаць некалькі тысяч галасоў. Напэўна замала, каб выйсці ў парламент з асобнага беларускага спіска. Магчыма, досыць, каб прайсці са спіска нейкага вялікага выбарчага блока, каб узяць, напрыклад, пяты мандат, які дадзены блок возьме.

Практычна, усе аналітыкі згодныя, што будзе адна падляшская акруга з 13 мандатамі. Даволі згодныя ўсе і ў тым, што з гэтых 13 мандатаў па 5 возьмуць АВС і СЛД, па адным — УВ і ПСЛ, адзін дастанецца немаведама каму. Тэарэтычна гэта можа быць мандат незалежнага Беларускага выбарчага камітэта.

Не буду таксама раіць, з кім, калі не самім, ісці на выбары. Сцверджу толькі наяўны факт: ніхто з Бельска ці Гайнаўкі не атрымае добрага месца на ніякім спіску, калі будзе за гэтае месца змагацца ў адзіночку, без падтрымкі аб’яднанага асяроддзя.

Пяройдзе такі кандыдат у Сейм, ці не пяройдзе, Беларускі выбарчы камітэт павінен пасля выбараў пераўтварыцца ў самаўрадавую арганізацыю, якая будзе надалей адстойваць інтарэсы жыхароў нашых гарадоў і гмін.