Ніва № 4 (2333), 28 студзеня 2001 г.

На зломе стагоддзяў

За намі ХХ стагоддзе і мы ўжо на парозе трэцяга тысячагоддзя. Гэты каляндарны факт схіляе да задумы над пройдзеным шляхам і бліжэйшай будучыняй. Мы звярнуліся да вядомых асоб з просьбай падзяліцца з нашымі чытачамі рэфлексіямі на гэту тэму.

Аб тым, як запамяталася ХХ стагоддзе і якія выклікі чакаюць нас у ХХІ стагоддзі расказвае праф. Андрэй САДОЎСКІ — дырэктар Інстытута сацыялогіі Універсітэта ў Беластоку.

— ХХ стагоддзе — гэта перыяд маёй маладосці і асноўнай часткі дарослага жыцця, таму запамятаў я яго вельмі добра і буду спалучаць з ім самыя лепшыя ўспаміны.

Аднак, прабуючы знайсці нейкія аб’ектывізаваныя крытэрыі апісання мінулага стагоддзя, сказаў бы я, што быў гэта век дамінавання тэхнікі і тэхналогіі, якая ў значнай ступені не была выкарыстана для заспакаення патрэб чалавека, а нярэдка прымянялася для яго знішчэння. Маю на ўвазе дзве сусветныя войны, страшэнныя страты і пакуты ды штораз новыя грамадскія і палітычныя падзелы ў Еўропе і свеце, якія былі іх паслядоўнасцю.

Было гэта стагоддзе канфрантацыі, прымянення на практыцы і ўпадку ўзніклых у ХІХ стагоддзі вялікіх ідэй з мэтай учынення чалавецтва шчаслівым. Уваходзім мы ў ХХІ стагоддзе без вялікіх тэарэтычных канцэпцый, часта з перакананнямі, сфармуляванымі ў публіцыстычны спосаб, што ўрэшце ўваходзім у нармальны свет. Гэта праўда, але гэты нармальны свет трэба нам зразумець, бліжэй пазнаць і адпаведным чынам да яго прыстасавацца. Ведаем ад чаго адыходзім, што пакідаем разам з ХХ стагоддзем. Адыходзім ад нейкага гібрыда сацыялізму, але надта мала ведаем, а тым больш мала будзем падрыхтаванымі да складаных выклікаў ХХІ стагоддзя. Стараемся далучыцца да Еўропы, але Еўропа нас бяздзейна не чакае. Ад дзесяткаў гадоў Заходняя Еўропа пераходзіць свой этап трансфармацыі ад капіталістычнага грамадства да грамадства інфарматычнага, да грамадства ведаў, інфарматызацыі. Ці мы гатовы справіцца з выклікамі, уласцівымі інфарматычнаму грамадству, калі значная частка нашай гаспадаркі і адпаведных для яе ўзораў паводзін, у тым ліку і культуры, засела ў даіндустрыяльных формах вытворчасці, а асноўная частка гаспадаркі толькі што ўвайшла ў індустрыяльны век?

ХХ стагоддзе запамятаецца мне як век урбанізацыі, перакананасці, што з цягам часу ўвесь зямны шар будзе заменены ў гарады, у бетонныя прасторавыя зоны, забудаваныя хмарачосамі, населенымі вялікай колькасцю людзей, якіх паводзіны будуць запраграміраваны ў адпаведнасці з патрэбамі гарадскога жыцця. ХХ стагоддзе кончылася значным правалам такой урбанізацыі. Увайшлі мы ў ХХІ стагоддзе, у якім штораз больш людзей шукае сабе месца на зямлі па-за гарадскімі агламерацыямі. Праўдападобна жыхарам гарадскіх малохаў з заходніх краін атракцыйнымі стануць перыферыйныя, не скажоныя ўрбанізацыяй землі паўночна-ўсходняй Польшчы.

ХХ стагоддзе пачыналася як стагоддзе народаў. Меркавалася, што кожны народ мае права на нацыянальнае самавызначэнне, уключна са стварэннем сваёй дзяржавы. Ідэя самавызначэння народаў была прыгожая і паўсюдна прызнаваная да моманту, калі толькі некаторыя народы, у якіх не было сваіх дзяржаў, выказвалі волю іх стварэння. Уваходзім у ХХІ стагоддзе з ясна сказанай тэзай, што адной з асноўных пагроз сучаснай цывілізацыі з’яўляецца рэалізацыя ідэі нацыянальных дзяржаў, якая парушае тэрытарыяльны суверэнітэт існуючых дзяржаў, выклікаючы працяглыя канфлікты. Разумею драму шматлікіх народаў, якія толькі ў канцы ХХ стагоддзя атрымалі незалежнасць у кантэксце сцвярджэння аб канцы нацыянальных дзяржаў. Напэўна незалежнасць атрымае яшчэ шмат народаў. Аднак рэалізацыя ідэі нацыянальных дзяржаў стварыла або замацавала шчыльныя граніцы паміж народамі і іх культурамі. Тым часам асноўнай умовай рэалізацыі сённяшніх мараў аб прагрэсе з’яўляецца грамадства адкрытае, пранікальнае і шматкультурнае.

Напрыклад, гістарычным шанцам і выклікам для Беларусі з’яўляецца пабудова шматкультурнага грамадства, у якім беларускі народ і пражываючыя разам нацыянальныя меншасці склалі б інтэграваную цэласнасць, абапёртую на прынцыпы роўнасці культур і свабоды іх выбару ўсімі грамадзянамі краіны.

Беларускай меншасці ў Польшчы жадаю, каб у ХХІ стагоддзі польска-беларускія стасункі былі ўзорам партнёрскіх адносін на міжэтнічных памежжах.


папярэдні адрэзак