Ніва № 53 (2329), 31 снежня 2000 г.

На зломе стагоддзяў

Канчаецца ХХ стагоддзе і мы ўжо на парозе трэцяга тысячагоддзя. Гэты каляндарны факт схіляе да задумы над пройдзеным шляхам і бліжэйшай будучыняй. Мы звярнуліся да вядомых асоб з просьбай падзяліцца з нашымі чытачамі рэфлексіямі на тэму:

1. Як запамятаецца Вам мінаючае стагоддзе? Якое з Вашых здзяйсненняў лічыце найважнейшым?

2. Якія выклікі чакаюць нас у новым стагоддзі? Чаго б Вы пажадалі беларусам на Бацькаўшчыне і ў замежжы ў бліжэйшай будучыні?

А вось адказы.

Георгій ВАЛКАВЫЦКІ — заснавальнік „Нівы” і яе рэдактар у 1956-1987 гадах

1. Стагоддзе? З замглёнымі ідэямі, са згубленай надзеяй выхаду па-за рэальную прастору ХІХ веку: яшчэ большая варажнеча, страшнейшыя войны, усё жывем у палоне міфаў. А я? У восьмай дэкадзе перамог тры вострыя прыступы тромбафлебіту і пасля гэтага дасягнення напісаў шэсць кніжак. Толькі хто іх чытае.

2. Чакае нас тэхнатронная эра, у якой растворацца этнасы, нацыі і народы. На Зямлі каля шасці тысяч моў. 90 працэнтаў асуджаны на знікненне ў самым недалёкім будучым. Ужо цяпер штогод знікае ў сярэднім 12 моў, а ад 25 да 50 працэнтаў практычна не выкарыстоўваецца ў штодзённым жыцці. Дык зычу беларусам, каб у наканаваным поступе захавалі памяркоўнасць.

Сакрат ЯНОВІЧ — пісьменнік

1. Асабіста запамятаецца мне яно ўзнікненнем „Нівы”, без якое я не быў бы Сакратам Яновічам.

А ў грамадскім сэнсе запамятаецца еўрапейскай фіналізацыяй беларускай нацыянальнай культуры. Якая, як кожная літаратура, ёсць ужо несмяротнай, нягледзячы на паслейшае забойства самое беларускае мовы і зруйнаванне беларускага нацыянальнага духу.

Маім найважнейшым здзяйсненнем лічу напісанне і выданне кніжкі „Доўгая сьмерць Крынак” ды спадарожных ёй.

2. Беларусаў Беласточчыны чакае нешта накшталт язды зайцам-разяваю ў польскім вагоне ў Еўропу.

Рэспубліку Беларусь чакае пазітыўная гаспадарча-грамадская катастрофа, з якое пачне яна падымацца недзе ў палове таго наступнага стагоддзя (каб адштурхнуцца ад дна, трэба перш апусціцца да гэтага дна).

Самім жа беларусам я нязменна зычу перастаць плакаць, бо плачучых ніхто не любіць.

Яўген ВАПА — старшыня Беларускага саюза ў РП

1. На жаль, а мо на шчасце, я не ў змозе асабіста запамятаць усё стагоддзе. Проста, я нарадзіўся ў яго другой палове. Гэты адрэзак свайго жыцця лічу ўдалым і адыходзячае стагоддзе асабіста запамятаецца мне добра. Калі ўзяць пад увагу, што маёй дачцэ ўжо больш за тры годзікі, гэта вялікае здзяйсненне. Ну, зразумелая справа, без каханай жонкі гэта было б немагчымае.

Калі гаварыць пра грамадскі кантэкст, дык тое, што для Радыё Рацыя ўдалося вяшчаць ужо год, гэта доказ таму, што мы, як беларусы, маем пра што гаварыць, нат вельмі доўга. Абы толькі з сэнсам!

2. Калі Усемагутны дасць нам здароўе і розум, то выклікі можна будзе пераадолець. Усім нам жадаю не толькі існавання, але і перамагання, а не вечнага наракання; задавальнення са сваіх блізкіх і сяброў, а таксама веры ў здзяйсненне планаў, нат тых найбольш вар’яцкіх.

Усім беларусам у свеце жадаю, каб у надыходзячым 2001 годзе над Домам урада ў Мінску залунаў бел-чырвона-белы сцяг, а Пагоня бараніла незалежную беларускую дзяржаўнасць у ХХІ стагоддзі.


наступны адрэзак