Ніва № 50 (2326), 10 снежня 2000 г.

Сага аб Туронках

Ада ЧАЧУГА

8. А ў сэрцы адно Беларусь...

У лютым пяцьдзесят шостага я ўключыў радыё, расказвае Юры Туронак, і пачуў, што стварылася Беларускае грамадска-культурнае таварыства. Вясною прыходзіў да мяне ў ЦІЭХ Мацей Канапацкі і з парога крычаў: „Добры дзень!” Добры татарын Мацей быў добрым беларусам. Ён вучыўся калісь у Віленскай беларускай гімназіі.

І я звязаўся з гэтымі хлопцамі. 13 мая 1956 года быў заснаваны Варшаўскі аддзел БГКТ і я адразу ўвайшоў у склад яго праўлення, а ў кастрычніку стаў старшынёю аддзела і быў ім аж да 1966 года, дзесяць гадоў.

Я бываў таксама членам Галоўнага праўлення БГКТ. Раз быў, іншым разам — мяне там не было. Адзін раз мяне выбралі членам Прэзідыума ГП БГКТ. Ад 1970 года я быў старшынёю навуковага гуртка, які дзейнічаў пры Беларускім таварыстве. Гэта грамадская праца паглынала мяне да васьмідзесятага года.

А як было з маёй навуковай працай? Мая навуковая дзейнасць выйшла з грамадскіх зацікаўленняў. Толькі адна кніжка (на польскай мове) датычылася маёй прафесійнай працы: „Польшча на міжнародным хімічным рынку”, выдадзеная ў Варшаве ў 1972 годзе. Усе іншыя былі звязаны з беларускімі справамі.

Беларускае школьніцтва на Беласточчыне я заўсёды лічыў важнейшай сферай духоўнага жыцця беларускай нацыянальнай меншасці. І менавіта гэтаму пытанню я прысвяціў свае працы: „Нарыс развіцця школьніцтва на Беласточчыне ў 1773-1939 гг.” („Навуковы зборнік”, 1974), „Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе 1941-1944” („Przeglad Histоryczno-Oswiatowy”, 1976), артыкулы пра беларускую школу ў Варшаве ў час нямецкай акупацыі — „Школа на Свентаерскай вуліцы” („Беларускі каляндар”, 1976), брашура „Беларускае школьніцтва на Беласточчыне ў пасляваенны перыяд” (Беласток, 1976) і іншыя.

Прыблізна ад другой паловы сямідзесятых гадоў я пачаў усё больш цікавіцца беларускім адраджэнcкім рухам канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Мне хацелася перш за ўсё высветліць сапраўдную ролю ў гэтым руху Вацлава Іваноўскага, якога абміналі, прыніжалі, а нават аплёўвалі беларускія гісторыкі і публіцысты — савецкія і іншыя.

Так узніклі мае распрацоўкі, апублікаваныя ў польскіх навуковых выданнях: „Да гісторыі беларускага выдавецкага руху 1902-1905” і „Дзейнасць беларускага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца»” („Studia polono-slavica orientalia”, 1985 i 1992), „Генезіс і аўтарства першага беларускага буквара” („Slavia Orientalis”, 1986) — тут я даказваў чорным па белым, што аўтар буквара гэта Вацлаў Іваноўскі, „ППС і беларускі рэвалюцыйны рух у 1902-1906 гг.” („Studia polsko-litewsko-bialoruskie”, 1988), „Беларускае пытанне ў палітыцы лонданскага лагера 1941-1944” („Studia z dziejow ZSRR i Europy Srodkowej”, 1983).

Гэтая апошняя праца зацікавіла прафесара Пятра Ласоўскага з Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук і ён запрапанаваў мне апрацаваць доктарскую дысертацыю аб становішчы Беларусі ў час нямецкай акупацыі.

Дысертацыю я абараніў у снежні 1986 года ў Інстытуце гісторыі ПАН. У 1989 годзе варшаўска-вроцлаўскае выдавецтва „Вэрс” выпусціла яе як кніжку „Беларусь пад нямецкай акупацыяй”. У 1993 годзе яна была перавыдадзена ў Польшчы і ў гэтым жа годзе выйшла ў перакладзе на беларускую мову (выдавецтва „Беларусь”). У рускамоўным варыянце яна друкавалася ў часопісе „Нёман”.

Што датычыцца іншых кніжных выданняў, дык у 1992 годзе ў Варшаве выйшла на польскай мове кніжка „Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі”, над якой я працаваў шмат гадоў, таксама выйшла ў Нью-Йорку ў 1988 годзе кніжка „Памяці Браніслава Туронка”, у якой я імкнуўся знайсці канкрэтны адказ на пытанне, які быў удзел майго бацькі ў заходнебеларускім руху дваццатых гадоў.

Летам паявілася на польскай мове выданне „Беларуская кніга ў II Рэчы Паспалітай, 1921-1939 г.”, Варшава 2000. Комплекснае апрацаванне беларускай выдавецкай дзейнасці ў міжваеннай Польшчы было пачата ў васьмідзесятыя гады ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук. Першая яго частка гэта апрацаваная Ю. Трачуком бібліяграфія часопісаў. Мая праца пачынае другую частку, прысвечаную кніжным выданням.

Вось зусім нядаўна я закончыў „Нарыс генеалогіі сям’і Рэшэцяў” (ад паловы XVIII да канца ХХ стагоддзя). Гэта дакументальныя даныя на падставе запісаў метрыкальных кніг. Праўдападобна, яны прыйшлі з Сейнаў і збеларушчыліся.

Дзякуй Богу, напісаць крыху давялося. Усіх жа прац тут не пералічыш. Цяпер пацею над перыядам акупацыі: беларуская кніжка на акупіраванай тэрыторыі — Беларусь, Вільня, Рыга, Беласток, Варшава і ў Берліне, кніжкі, якія выдаваліся пад нямецкім кантролем.

Чаму я спыніў грамадскую дзейнасць? У васьмідзесятыя гады мы гуртавалі моладзь. Наспявалі змены. Мне здавалася, што і беларуская справа скарыстае на гэтых зменах, што надышоў момант, калі справа самастойнай, незалежнай краіны Беларусь, якая цалкам ясна ўяўлялася мне ўжо ў літоўскай школе, набрала рэальных кшталтаў. Трэба было выпрацаваць беларускую незалежную думку з удзелам усходніх, заходніх і тутэйшых беларусаў.

Як я сказаў? Што я расчараваўся? Не, я не мог расчаравацца. Я проста чакаў, што з гэтых маладых людзей будзе. Я вельмі любіў іх. Ездзіў на рэйды з імі. Дапамагаў ім „адкрываць” Беларусь. Я сваю дзейнасць трактаваў як абавязак перад імі. А яны... ляцелі на грошы. На беларускай справе я не зарабіў ані граша. Мы самі і за свае грошы павінны вырашаць свае справы, а ім, як высветлілася, было ўсё роўна, чые яны. Яны быццам змагаліся за незалежную Беларусь, а выходзіла, што ізноў нехта меў быць у яе панам.

Гэта мяне шакіравала. Як можна служыць свайму народу за грошы чужынцаў?! Я думаў, што ўвесь гэты рух будзе толькі дзеля Беларусі, а не дзеля набівання сваіх кішэняў. Як жа я памыляўся.

Быў тэрмін „босы на лёдзе”. Каб рабіць палітыку, трэба мець сродкі. Але я перакананы, што калі нехта чужы — паляк, амерыканец ці кітаец — дае табе грошы „на беларускую справу”, значыць, яму гэта патрэбна. Калі ўжо непатрэбна, ён перастае наогул цікавіцца табою.

І я ім гэта гаварыў. Калі ў дзевяностыя гады было створана Беларускае гістарычнае таварыства, мяне туды не запрасілі, а ў ніякую партыю я ўступаць не хацеў.

Я пачаў больш друкавацца ў Польшчы і Беларусі. Працы датычыліся гісторыі. Я не пайшоў у напрамку афіцыйнай навуковай кар’еры. Я не мог выконваць таго, што трэба было рабіць па плану. У мяне быў свой план: мая Беларусь.

Дык вось такі ён, д-р Юры Туронак: працавіты, сціплы, прынцыповы, непакорны. Эканаміст, журналіст, гісторык. А ў сэрцы адно Беларусь...


папярэдні адрэзак