Ніва № 47 (3680), 22 лістапада 2026 г.
Беларуская гістарычная азбука (V). Беларусь у турме народаўУладзімір АРЛОЎКаланіяльны ўціск. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай Беларусь апынулася ў адсталай мілітарызаванай Расейскай імперыі, якую сучаснікі трапна называлі „жандарам Еўропы” і „турмой народаў”. Насуперак сцвярджэнням расейскіх гісторыкаў, царская імперыя была менавіта каланіяльнай, але, адрозна, напрыклад, ад Брытанскай — не заморскай, а кантынентальнай. Гэта значыць, калоніі знаходзіліся побач з метраполіяй, а часам мелі этнічную і рэлігійную блізкасць з ёю, што дазваляла — як у выпадку з беларусамі і ўкраінцамі — камуфляваць прыгнёт, накідаць паняволеным народам чужую гісторыю, культуру, мову і наогул адмаўляць ім у самастойнасці, называючы часткаю „общерусского племени”. Сяляне галасавалі нагамі Сельская гаспадарка ў Расеі заставалася, па сутнасці, феадальнай і вызначалася прымітыўнасцю, а формы эксплуатацыі былі больш цяжкія, чым у Рэчы Паспалітай. Прыгонных сялян, якія раней пераважна плацілі грашовы аброк, пагналі на паншчыну. Гаспадары атрымалі права прадаваць іх без зямлі. Памешчыкі шырока практыкавалі здачу тысяч прыгонных беларусаў на цяжкія будаўнічыя работы ў расейскія губерні. Кацярына ІІ і яе сын імператар Павел І раздалі сваім дваранам больш за 500 тыс. беларускіх сялян, большасць якіх раней былі асабіста свабоднымі. Сувораў, што душыў паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, атрымаў ва ўзнагароду цэлае Кобрынскае староства ды (...) |