Ніва № 46 (3679), 15 лістапада 2026 г.

Размова ля вёскі Балванішкі

Міхаіл ТАЛЕР

Што не гаварыце, а восень спрыяе працэсу паглыблення чалавечай свядомасці ў сябе самую. Асабліва калі дробны дожджык імгліць на шыбе таямніча, пяшчотна, загадкава. Пры гэтым ты ёсць з аднаго боку шыбы, а дождж і восень з другога.

А можа не толькі чалавечая свядомасць нырае ў сябе, як бабёр на дно затокі патаемным восеньскім ранкам. Можа такія анамаліі ў прыродзе ёсць з’явай натуральнай. Са мной то такое часта здараецца.

Вось ідзём неяк па пушчы, як зараз памятаю, пачатак месяца лістапада быў. Гамонім пра сваё. Рэжыму цішыні не трымаемся. А чаго нам баяцца. Мы ж людзі, вяршыня харчовага ланцужка, вянец прыроды як-ніяк.

І раптам бачым, здаравенны зубр у задуменні ледзьве на нагу Толіку не наступіў. У такім роздуме была жывёліна, што прайшла побач і нас не заўважыла. Нібыта мы пустое месца, ці здані якія бяздомныя.

Ажно крыўдна стала. Тым, хто далей ад зубра стаяў стала крыўдна. Хто быў бліжэй, адчулі крыху іншыя эмоцыі.

Вось і Толік ад нечаканасці і страху сам сабе наступіў на тую нагу. Азадкам. Сядзіць на сваёй жа назе, левай, і слова выдушыць з сябе не можа. Сам белы-белы, як сцяг капітуляцыі. І ісці далей не можа нават правай нагой, хоць яе то ніхто і не спрабаваў адтаптаць ні капытом, ні якім іншым месцам.

А зубр як выйшаў з туману, так і знік у ім. Што яму той Толік. Можа не ведае, як завуць яго нават.

«Дзіўна ўсё неяк атрымліваецца», — падумалася мне. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF