Ніва № 34 (3667), 23 жніўня 2026 г.
Вершаўчытальня Андрэя СЦЕПАНЮКА (110). Дарога да непазбежнасціАндрэй СЦЕПАНЮКРэдка здараецца, каб так хутка здзяйснялася тое, аб чым чалавек падумае, ці як у гэтым выпадку напіша. У мінулай „Вершаўчытальні” падзяліўся я надзеяй, што новыя вершы Віктара Сазонава, якіх частку я прадстаўляў, павінны знайсці сваё месца ў кніжным выданні. І гэта здарылася! Шостай кніжкай у паэтычнай серыі „Брукаванка”, заснаванай Алесем Аркушам у 2025 годзе, з’яўляецца томік вершаў Віктара Сазонава „Падары сабе цішыню”. І вершам з гэтай жа кніжкі пачнем: Я болей сэнсу не шукаю, яго няма. Ці воля, ці няволя, знаю, усё турма. Няма нічога ў гэтым сьвеце, усё нішто. Ды і яго разьвее вецер, які ніхто. Віктар Сазонаў, Сэнс * * * Сумна мы пачалі, хаця навіна аб выданні кніжкі павінна быць радаснай. Але, час не дазваляе на надта вялікую радасць. І хто ж бачыць гэта лепш, як не натхнёныя і заадно праклятыя сваім талентам людзі слова. У серыі „Брукаванка” Алесь Аркуш прыпомніў вершы яшчэ аднаго гарадзенца, адышоўшага ў вечнасць у 2013 годзе Юрыя Гуменюка. А той ужо ў 1994 годзе пісаў: Пад наглядам зацыкленых робатаў-стодаў, зацярушаны восеньскім лісьцем іржавым, разарваны сталёвымі кіпцямі моды спачываю ў магіле мітычнай дзяржавы. Лёс прымусіў мяне адысьці нечакана ў найсалодкую сфэру алюзій і (...) |