Ніва № 25 (3658), 21 чэрвеня 2026 г.
Валодзькавы галубыМіхаіл ТАЛЕРВалодзька любіў галубоў. Вельмі. Праўда, раней, у дзяцінстве яшчэ, шчаслівым і бесклапотным. Як у вёсцы жыў. Гэты факт з яго біяграфіі і нажніцамі не выражаш. Ды і не трэба. Што тут такога. Любіш і любі сабе. Абы на здароўе. — Якія яны прыгожыя! — захапляўся так. Нават больш, чым бацькаву хатнюю гарэлку любіў, зробленую ўласнымі рукамі працавітага селяніна для ўласных жа патрэб. І для добрых людзей таксама. Ну, не піў ён у дзяцінстве Валодзька той. Дык мае на тое права. І ніхто не прымушаў яго. Бацькі былі такія, дэмакратычныя, шанавалі выбар і волю сваіх дзяцей. — Не хочаш, — не пі, — казалі. — Нам больш застанецца. А наконт галубоў, дык яны былі не адзіныя, да каго так цёпла ставіўся хлопчык. Увогуле птушкамі захапляўся, дзікімі пераважна. Вераб’і там, жаўрукі, ластаўкі. Ага, вароны, сарокі, ястрабы. Ды хіба ўсіх пералічыш. Цэлая птушыная энцыклапедыя атрымаецца. З хатнімі то былі праблемы. Асабліва з гусямі. Аднойчы нешта хацеў расказаць дурной гусцы. Тая напачатку яго ўважліва слухала, як іх стары дзед радыё. А пасля вазьмі, ды і дзюбані хлопцу ў нос. Дзіця плача, а ўсе навокал гагочуць, уключаючы і гусей. Яму і крыўдна стала. На ўсё жыццё душэўная рана засталася. Але тое не самая вялікая крыўда была на гэтых крылатых гадаў сямейства птушыных. Аднаго разу гусак напаскудзіў на падворку. Злачынства то не вялікае. У іх увогуле жывёла не была прывучаная да прыбіральні (...) |