Ніва № 25 (3658), 21 чэрвеня 2026 г.
Сталінскі тэрорУладзімір АРЛОЎГэтым разам, мае юныя чытачы, вы даведаецеся пра страшныя ў айчыннай гісторыі 1930-я гады. Тады балшавіцкае кіраўніцтва на чале з крывавым тыранам Сталінам скінула „маскі”, і людзі пабачылі сапраўдны твар тых, хто хлусліва абяцаў народам СССР свабоднае заможнае жыццё і хацеў здзейсніць „сусветную пралетарскую рэвалюцыю”, каб запанаваць на ўсёй планеце. На шчасце, такія планы не здзейсніліся, але злачынны сталінскі рэжым забраў жыцці многіх мільёнаў жыхароў сваёй імперыі. Нашым даследчыкам закрыты шлях у архівы Камітэта дзяржбяспекі, дзе захоўваюцца тагачасныя дакументы, таму гісторыкі ацэньваюць колькасць тых, хто пацярпеў у Беларусі ад рэпрэсій, толькі прыблізна. Але ў іх атрымліваецца жудасная лічба — да 1,4 мільёна чалавек. „Ворагі народа” Улада Сталіна і камуністычнай партыі трымалася на сіле і страху. У любы момант нявіннага чалавека маглі кінуць за краты. Жыхары БССР не мелі права пераязджаць на новае месца. Паездкі за мяжу дазваляліся толькі для купкі кіраўнікоў і набліжаных да іх асоб. Стаялі зачыненымі цэрквы і касцёлы. Былі забаронены лепшыя творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага ды іншых славутых творцаў. Самым страшным словам для савецкіх людзей было тады НКВД. Так скарочана называлі народны камісарыят унутраных спраў. Ягоныя супрацоўнікі — чэкісты і безліч іхніх агентаў — сачылі за ўсім, што адбываецца на прадпрыемствах і ў калгасах, у інстытутах і школах. Нават дома (...) |