Ніва № 25 (3658), 21 чэрвеня 2026 г.
Пра мундыяльУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧБліжэйшыя паўтара месяца на планеце праходзяць пад знакам футбольнага форуму. Упершыню ў гісторыі чэмпіянат праводзіцца ажно ў трох краінах Паўночнай Амерыкі. Адпаведна з рэкорднай колькасцю ўдзельнікаў і матчаў — іх будзе ажно 104. Гэткі сапраўдны футбольны марафон. А назіраюць за ім усё больш людзей на ўсіх кантынентах і нават у аддаленых куточках планеты. Для еўрапейцаў гэта азначае і бяссонныя ночы з за вялікай розніцы ў часе. Для мяне як аматара найпапулярнейшай гульні гэта ўжо 13-ы чэмпіянат свету. Падзялюся тут крыху асабістымі даўнімі ўспамінамі. Зачараванне прыйшло ў дзяцінстве ў далёкім 1978 годзе ў час аргенцінскага першынства. Ранняя захопленасць хакеем (а менавіта яго цэлы час транслявалі ў Савецкім Саюзе) паблякла перад новым відовішчам. А найбольш заангажавалі тады нязвыклыя прозвішчы замежных футбалістаў, якія гучалі як музыка: Рэнсенбрынк, Крол, Рэп, Россі, Пасарэла, Таранціні... Потым быў іспанскі мундыяль (менавіта тады гэтае слова і замацавалася ў сусветнай лексіцы) 1982 года. Яго саветы ўжо транслявалі амаль у поўным аб’ёме. Асабліва запалі ў душу два матчы. Сустрэчу Бразілія-СССР глядзелі мы ў лесе ў час школьнага летніка. Маленькі чорна-белы тэлевізар, які нейкі вынаходнік-умелец падключыў да нейкага генератара і сканструяваў мудрагелістую антэну. А вакол гэтага дробнага экрана збіралася хіба тры дзясяткі школьнікаў і настаўнікаў. Другое яркае ўражанне таго чэмпіянату — легендарны (...) |