Ніва № 51 (3423), 19 cнежня 2021 г.

Свята ў Залешанах

Аляксей МАРОЗ

У Жаночым манаскім доме святой велікамучаніцы Кацярыны ў Залешанах галоўныя святкаванні адбываюцца летам і позняй восенню. У апошнюю суботу ліпеня адзначаецца свята Залешанскай іконы Божай Маці і мучанікаў Падляшскіх і Холмскіх, а 7 снежня — свята велікамучаніцы Кацярыны, нябеснай заступніцы манаскага дома. Памаліцца ў святое месца, акропленае крывёй мучанікаў, прыязджаюць праваслаўныя вернікі з усіх куткоў Беласточчыны. У час усяночнай багаслужбы, 6 снежня і літургіі, 7 снежня, малітвы ўзначальвалі епіскап Гайнаўскі Павел і епіскап Супрасльскі Андрэй. Вернікі сабраліся ў Залешанах, каб памаліцца да святой велікамучаніцы Кацярыны і папрасіць у яе дапамогі ў жыццёвых выпрабаваннях. Маліліся яны за паспяховую дзейнасць жаночага манастыра і хуткае завяршэнне будовы царквы св. Кацярыны і мучанікаў Холмскіх і Падляшскіх у Залешанах.

Святая велікамучаніца Кацярына была і раней вядомай святой на Гайнаўшчыне, а яе іменем называлі многіх дзяўчат. У маёй бабулі Вольгі з Новаберазова былі сяброўкі Кацярыны. Адну са сваіх дачок бабуля таксама назвала Кацярынай. Гэтае імя папулярнае і ў наш час. Нашы вернікі сталі асабліва пакланяцца велікамучаніцы Кацярыне, калі на Беласточчыну былі прывезены яе мошчы з манастыра на Сінаі. Людзі стаялі тады ў доўгіх чэргах, каб прылажыцца да мошчаў святой. Вернікі куплялі іконкі велікамучаніцы Кацярыны, знаёміліся з жыццём святой і сталі чытаць акафісты з малітвамі да велікамучаніцы. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF