Ніва № 32 (2413), 11 жніўня 2002 г.

Начлег на дарозе

Аляксей МАРОЗ

Уязджаю ў Бельск-Падляшскі, паварочваю ў напрамку Кляшчэляў і адразу бачу чаргу трактароў з прычэпамі загружанымі збожжам. Каля адной прычэпы мужчыны мяняюць кола.

— Каля двух кіламетраў выстраілася чарга, разам недзе каля 160 трактароў. Можа да суботы прадам (размаўляем у чацвер — А. М.), — кажа ананімны жыхар Гайнаўкі, які гаспадарыць у Локніцы.

— У суботу, то мы ў выямцы будзем, а можа ў панядзелак нашая чарга дойдзе, — папраўляе Ян Тамчук з Махнатага, які прыехаў з дачкою.

— „Я — мужык беларус” пісаў Якуб Колас, а зараз мы ні мужыкі, ні беларусы. Калісь мужык мог прыйсці з бічом ва ўстанову і разагнаць чыноўнікаў, а зараз не зважаюць на гаспадара. І нельга прызнавацца, што беларус, бо могуць выгнаць, — гаворыць мужчына родам з Локніцы. — Я, праўда, сваёй мовы не выракаюся і дзеці мае гавораць на ёй, але зараз па-рознаму бывае.

— Завозяць збожжа з Еўрасаюза, а сваё мала купляюць. Калісь прадавалі мы па сорак-пяцьдзесят свіней, бульбу, збожжа і ўсё куплялі, а зараз хто на гаспадара глядзіць, — гаворыць Ян Тамчук.

Далей спатыкаю жыхароў Чыжоўскай гміны, якія прыехалі пасля поўначы.

— Так паволі пад’язджаем, што не ведаю, ці ў суботу прадам. То каля вагі нікога няма, то каля камп’ютэра паволі працуюць, — кажа старэйшы мужчына.

— Учора было тэлебачанне, то пачалі працаваць з паскарэннем, — дабаўляе Ян Анішчук з Курашава. — Ніхто з гарадскога магістрата і з павятовых улад не прыедзе, каб пабачыць як тут стаяць трактары з прычэпамі. Два дні трэба стаяць, то павінны нейкія мабільныя туалеты паставіць, а ці ж нам толькі за кусцікі хадзіць. Паліцыянты павінны кіраваць рухам, каб не было праблемаў з праездамі на вузкай дарозе.

Калі размаўляем, чуецца піск шынаў. Затрымалася вялікая машына. Збоку ляжыць дзядуля з веласіпедам. Калі ўстае, заўважаем закрываўлены твар. Вадзіцель выходзіць з машыны і пытае ці выклікаць хуткую дапамогу, але дзядуля адмаўляецца і ад’язджае. Хутка прыязджае паліцэйская машына і паліцыянты разглядаюць ход здарэння.

— Стаяў адзін чалавек два дні і паехаў дадому са збожжам, бо не падыходзіла да продажу. А не хочуць збожжа правяраць раней ці яно ім падыходзіць, — гаворыць Ян Яканюк з Лянева. — Зараз малы прыбытак з прадукцыі збожжа. Калі палічыць, што з гектара засеянага жытам можна ўзяць недзе каля 1 200 злотых, то трэба аддаць на яго прадукцыю каля 900 злотых. А пры гэтым вясковыя людзі не лічаць коштаў сваёй працы.

За тону пшаніцы плацяць у Бельску па 440 злотых і належыцца яшчэ 110 злотых даплаты з дзяржаўнага бюджэту, а за тону жыта можна атрымаць 325 злотых і 75 злотых даплаты. Але заплацяць толькі тады, калі вільготнасць збожжа не перавышае 14,5% і знаходзіцца ў ім згодная з нормамі колькасць бялку. У іншым выпадку плацяць або адсылаюць дамоў.

На даязной дарозе да элеватараў многа людзей. Чакаюць у чарзе ўжо два дні. На нябрытых тварах відаць стомленасць, вочы ў некаторых апухлі. Сяляне самі пачынаюць расказваць пра сваё гора. Спачатку крытыкуюць былога прэзідэнта Леха Валэнсу, што спрычыніўся да развалу сацыялістычнай краіны, у якой гаспадарам добра жылося. Пасля наракаюць на палітыкаў СЛД, якія многа абяцалі і не стрымліваюць слова. Наракаюць, што ў гэтым годзе пшаніца амаль на сто злотых таннейшая, чым у мінулым годзе, а сельскагаспадарчыя машыны, мінеральнае ўгнаенне і сродкі аховы раслін падаражалі. Раздражненыя, крытыкуюць, што паволі прымаецца збожжа. Крытычна ацэньваюць уваход Польшчы ў Еўрасаюз.

Раптоўна эмоцыі пачынае выклікаць устанаўліванне чаргі. Людзі размаўляюць аб тым, хто за кім павінен з’язджаць. Асобы, якія прыехалі дарогай з-пад Кляшчэляў пераконваюць, што з іх боку павінна з’ехаць зараз сем трактароў з прычэпамі, а людзі, што стаяць у чарзе ад цэнтра горада згодны прапусціць толькі двух гаспадароў. Узнікае сварка, якая амаль не канчаецца бойкай. Аднак, усё рашаецца без прымянення кулакоў і людзі разыходзяцца да сваіх трактароў.

На будынку збожжавага прадпрыемства, вісіць вялікая шыльда з надпісам: «„Элевар”. Суполка з абмежаванай адказнасцю з Варшавы. Аддзяленне ў Бельску-Падляшскім». За адміністрацыйным будынкам знаходзіцца невялікае памяшканне, а паабапал яго дзве вагі. На адну ўвозяць гаспадары прычэпы са збожжам, а на другую — пустыя. Спецыяльныя машыны, працай якіх кіруюць камп’ютэры, бяруць збожжа з прычэп і самыя перасыпаюць яго ў начынне для аналізу. У будынак, дзе стаяць камп’ютэры, уваходзяць людзі з дакументамі. Там спатыкаю дырэктара прадпрыемства Рыгора Суліму. Кажа ён, што часам праца ідзе павольна, бо не ўсе людзі маюць дакументы з нумарамі падаткавай ідэнтыфікацыі (NIP), а ў некаторых асоб няма пасведчанняў аб колькасці зямлі. Прадпрыемства падпісала дамову з Агенцтвам рэструктурызацыі і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі ў справе куплі збожжа па восем гадзін у суткі. Суполка „Элевар” купіла ўжо каля 1,5 тысячы тон збожжа, а плануе купіць сёлета каля 15 тысяч тон.

— Мы купляем збожжа з васьмі гадзін раніцы да васьмі гадзін вечара. Нельга купляць даўжэй па арганізацыйных прычынах. Збожжа трэба чысціць і дасушваць, — заяўляе дырэктар.

Мужчына, які ўваходзіць, робіць заўвагу, што калі не было камп’ютэраў, дык працаўнікі хутчэй выпісвалі квітанцыі.

Дырэктар Суліма тлумачыць, што камп’ютэры неабходны пры карыстанні новымі дакументамі. На папрокі гаспадароў наконт складаных дарожных і санітарных умоў, у якіх вымушаны яны чакаць, дырэктар усхвалявана ўдакладняе:

— У нас гаспадар пачынае лічыцца кліентам, калі ўедзе на вагу.

Паясняе ён яшчэ, што інфармаваў паліцыю аб планаванай куплі збожжа, а пасля паліцыянтаў аб складаных умовах на дарозе. Кажа, што ніхто з павятовых і гарадскіх улад не цікавіўся, у якіх умовах чакаюць гаспадары і інфармуе, што перад другім прадпрыемствам, якое ў Бельску купляе пшаніцу, чакае толькі некалькі чалавек. Але суседняе прадпрыемства не бярэ вільготнага збожжа.

Калі другі раз еду ўздоўж чаргі бачу, што людзей не меншае. Тых, што стаяць пры канцы, чакае некалькі непраспаных начэй.