Ніва № 33 (3666), 16 жніўня 2026 г.
Сто гадоў беларушчыны Васіля Петручука. З размоў з Юбілярам у 2017 годзеВасіль Петручук стаў пісаць па-беларуску ад часу, калі вярнуўся на Беласточчыну. Быў чытачом «Нівы» — казаў, што вывучыў беларускую мову з яе старонак і сустрэч з ніўцамі, пасля стаў яе карэспандэнтам. Яго першая кніга выйшла найперш на польскай мове (у перакладзе Юркі Плютовіча). А ў нашым першым альбоме пра «Ніву» з гонарам змясцілі мы здымак ягонай вайсковай кніжачкі, дзе ён назваў сябе беларусам, роднай мовай беларускую, а мовамі вывучанымі — польскую і рускую. Васіль Петручук: — Каб хтосьці не падумаў, што я чамусьці хачу пахваліцца сваёй беларускай мовай, то я скажу, што гэта быццам бы наадварот. Я не меў чым хваліцца, бо якраз маё няшчаснае існаванне сярод вясковай цемры не давала мне такой магчымасці, каб вывучыць яе, нават польскай мовы. Бо мачыха з «добрым» татам ані на адзін дзень не пусцілі мяне ў школу. Мог я размаўляць толькі па-грабавецку. Нашы бежанцы вярнуліся з Расіі ці Украіны, дык я часам чуў ад іх рускую ці ўкраінскую мовы ды песні, і я іх лёгка прысвойваў. Цётка Матрона гаварыла, што ў мяне памяць такая, як у пакойніцы Ганны (маёй мамы), якая часам на здзіўленне сям’і ўставала раніцай і спявала песню пачутую ў сне. Але не дачакала мама, каб гэтыя песні ці песню пераказаць сыну. Але я і так сярод гэтых людзей мучыўся, зносіў іх здзекі і насмешкі, а ад бацькоў рамень, біч і кій, але імкнуўся штосьці ведаць і шанаваць старэйшых людзей. Калісьці з групай (...) |