Ніва № 32 (3665), 09 жніўня 2026 г.
Суровая праўда Васіля БыкаваУладзімір АРЛОЎСёння, мае юныя чытачы, я распавяду пра самага вядомага ў свеце беларускага творцы Васіля Быкава. Ён быў малодшым сучаснікам ужо знаёмай вам Ларысы Геніюш. Яму выпала іншая жыццёвая пуцявіна, але ў ёй таксама адбіўся лёс усёй Беларусі. Мы марылі, што Быкаў за свае геніяльныя кнігі атрымае самую высокую літаратурную ўзнагароду — Нобелеўскую прэмію. Гэтага не здарылася, магчыма, ён проста не паспеў. Але прэміяй пазней была ўганараваная наша пісьменніца Святлана Алексіевіч, якая называе Васіля Быкава адным са сваіх настаўнікаў. Малая радзіма Малой радзімай называюць мясціны, у якіх прайшло дзяцінства чалавека. Для Васіля — гэта лясная і азёрная Вушаччына, дзе часам здаецца, што вады навокал больш, чым зямлі. Там, у вёсцы Бычкі, 19 чэрвеня 1924 года ў простай сялянскай хаце Уладзіміра і Ганны Быкавых будучы пісьменнік і прыйшоў на свет. Праз шмат дзесяцігоддзяў ён пісаў, што памятае сябе гадоў з пяці. Тады ён яшчэ не адыходзіў ад дому далей за гароды. Але аднойчы старэйшы сябар Валодзя сказаў яму: „Хадзем на возера!” І яны пайшлі — праз ільняное поле, цераз роў і зараснікі. І раптам з гары адкрыўся цуд: лясное возера і за ім на касагоры — лес, што глядзеўся ў ціхае вадзяное люстэрка. Гэты вобраз малой радзімы застаўся з Васілём назаўсёды. У возеры вясковая малеча купалася і рыбаліла. Крыху воддаль жылі ў хатках бабры, за якімі было вельмі цікава (...) |