Ніва № 30 (3663), 26 ліпеня 2026 г.
Рыбалы: Міра Лукша, Сяргей Пясецкі і сабачы кантэкст!Ганна КАНДРАЦЮККалі літаратурная сустрэча, то абавязкова літаратурны кантэкст. У Рыбалах ён як на далоні. Дык і адразу, высеўшы з аўтобуса, мы патэпалі на могілкі да прафесара Уладзіміра Паўлючука. Нашу няспешную вандроўку выбоістым тратуарам прыкмецілі ўжо сабакі, ды пагаўквалі з панадворкаў. Ну і чаму тут здзіўляцца? Міра Лукша на аўтарскіх сустрэчах любіць апавядаць пра вясковых сабак, якія быццам ганаровы эскорт бягуць за ёй следам у чужой вёсцы. Яна ўмее разабрацца ў сабачай мове, адчувае, калі хворая жывінка. Прыстае і нешта пяшчотна скажа як да дзіцяці, палашчыць небараку. І мне не дзіва і не навіна — Міра аўтарка культавага тома вершаў «Жывінкі з глыбінкі», якія выспелі пры звышангажаванасці ўсёй рэдакцыі на старонках «Зоркі». Ды можна сказаць, што вершы пра падляшскіх жывінак апярэдзілі свой час — якая любата сёння пагаварыць людзям пра сабак і катоў! * * * Гэта ўсё будзе сёння ў бібліятэцы, а мы пакуль ідзем да Валодзі. З прафесарам мы пасябравалі ў тоўстыя гады літаратурна-мастацкага часопіса «Карткі». Ён часта запрашаў да сябе ў госці, каб у свойскай кампаніі ўспамінаць часы ягонай працы ў «Ніве» і рэпарцёрскія прыгоды «ад загароддзяў», пра якія ў асяроддзі хадзілі анекдоты (цытата за сп. У. Паўлючуком, з памяці — Г. К.): «Мым... Я то любіў хадзіць па за клунямі, — пачынае прафесар, пыхкаючы сваю не менш легендарную люльку. — І раз іду, то хіба было ў Збучы, (...) |