Ніва № 29 (3662), 19 ліпеня 2026 г.
Стагоддзе Зоські ВерасУладзімір АРЛОЎЁсць у нашай гісторыі людзі, якія не займалі высокіх пасад, не сталі выдатнымі вучонымі ці літаратурнымі класікамі, але без гэтых людзей і іхняй ахвярнай працы дзеля Беларусі немагчыма ўявіць нацыянальнага Адраджэння. Адна з такіх асоб — пісьменніца і грамадская дзяячка Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая). Яна пражыла цэлае стагоддзе і заўсёды, нават у самыя змрочныя часы, калі за патрыятызм можна было трапіць за краты і развітацца з жыццём, захоўвала вернасць абранаму ў юнацтве шляху і рабіла ўсё, што магла, для вольнай будучыні Бацькаўшчыны. Сваім прыкладам Зоська Верас натхніла сотні, а можа, і тысячы суайчыннікаў і засталася ва ўдзячнай памяці народа. Літвінка-беларусачка Людвіка прыйшла на свет у 1892 годзе ў сям’і афіцэра Антона Сівіцкага. Бацьку пераводзілі па службе з месца на месца, але ён, хоць і размаўляў дома па-польску, ніколі не забываў пра родную Горадню і свой літвінскі радавод. Маці дзяўчынкі Эмілія таксама паходзіла з Літвы-Беларусі. Бацькі мелі маёнтак Альхоўнікі ў Сакольскім павеце Гарадзенскай губерні. Кожнае лета Людвіка бавіла ў бабулі і дзядулі, а таксама часта бывала ў старажытнай прыгожай Горадні. Першымі настаўнікамі дзяўчынкі сталі бацькі: тата выкладаў матэматыку, а мама — астатнія прадметы. Ад бацькоў яна пераняла і захапленне паэзіяй. Пад уплывам улюбёнага Адама Міцкевіча яна ўжо ў дзесяць гадоў пачала пісаць вершы і апавяданні на польскай мове. (...) |