Ніва № 29 (3662), 19 ліпеня 2026 г.
Ваенны покерУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ«Вайна — гэта не покер, яе нельга абвяшчаць, калі ўзбрыдзе да галавы», — казаў незабыўны кінагерой. І напэўна абсалютна меў рацыю. Разгортваючы поўнамаштабную ваенную кампанію супраць Украіны, Масква нават уяўляць не хацела, што яе можа чакаць. Крамлёўскія стратэгі абяцалі захапіць Кіеў за тры дні, а ў выніку планаваны бліцкрыг праваліўся з трэскам. Цягам чатырох з паловай гадоў Расея цаной велізарных эканамічных, матэрыяльных і людскіх страт не здолела захапіць нават усходнія вобласці Украіны і загрузла ў гэтай вайне як муха ў смале. І зваротнай дарогі, як яны любяць казаць, няма. Дакладней яна ёсць, але нават уявіць немагчыма, што ў Крамлі да ўлады бліжэйшым часам могуць прыйсці нейкія адэкватныя людзі, здольныя на цвярозую ацэнку становішча, спыненне ваенных дзеянняў і тым больш на вывад войск з акупаваных тэрыторый. Адпаведна сітуацыі на франтах мянялася і маскоўская прапаганда — спярша расейцы вызвалялі народ Украіны ад бандэраўцаў, потым вялі дэнацыфікацыю і змаганне супраць укра-нацыстаў, бэсцілі «хунту Зяленскага». Цэнтральным азначэннем цэлы час было «спецыяльная ваенная аперацыя». Ну а цяпер яны даводзяць свайму адурманенаму шавіністычным чадам насельніцтву пра тое, што слаўная Расея ваюе супраць усёй Еўропы і цэлага НАТО. І нарэшце прызнаюць, што вядуць менавіта вайну. Да публічнага абвяшчэння «свяшчэннай вайны» і лозунга «Родина в опасности!» застаўся ўжо толькі крок. Да гэтага змушанага (...) |