Ніва № 27 (3660), 5 ліпеня 2026 г.
Сонца, людзі, землятрусыУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧПачаць хацелася з анекдота. Зрэшты, усе анекдоты нараджаюцца з жыцця. І няма большых досціпаў і жартаў, чым сама рэальнасць, якая штодзень падкідвае нам разнастайныя здарэнні і сюжэты. Не трэба ні фантазіі, ні літаратурных вынаходніцтваў. Жыццё спараджае і прадукуе такія гісторыі само па сабе. Дык вось бягучы чэрвень у Еўропе, на ўсёй нашай прасторы, выдаўся сапраўды надзвычай гарачым і нават пякельным. Ляснуліся ўсе ранейшыя тэмпературныя рэкорды. І што ж з гэтым усім рабіць? Дзе шукаць жывільную прахалоду і ратаванне? З Беларусі ў інтэрнэце поўна фотаздымкаў, дзе людзі на машынах пруцца да вадаёмаў і стаяць у даўжэзных чэргах, каб патрапіць да нейкага возера. Зразумець такое мне цяжка, лепей ужо ўсунуць галаву пад кран з халоднаю вадою, якая балазе ўсюды ёсць і перацярпець гарачыню дома. Бо адстаяць у машыне чаргу, каб потым плюхнуцца ў празмерна цёплую і брудную ваду і па спёцы вяртацца ў заасфальтаваны ачмурэлы горад — задавальненне вельмі сумнеўнае. Зрэшты тут, як кажуць у народзе, каму — як балота, а каму — як залота. У Вялікабрытаніі адмянілі канферэнцыю пра барацьбу з экстрэмальнай спёкай па прычыне... спёкі. Арганізатары, не міргнуўшы вокам, цвёрда і выразна патлумачылі рашэнне тым, што ў будынку не было дастатковага ахалоджання, а правядзенне канферэнцыі магло стварыць рызыку для ўдзельнікаў. Напэўна такая пазіцыя патрабавала нямала мужнасці і прынцыповасці. Праўда, міжволі (...) |