Ніва № 23 (3656), 7 чэрвеня 2026 г.
Шпацыр па здзічэлым лесе (36)Ганна КАНДРАЦЮКАрцёміха паказала, што значыць шкадаваць свет! Тады, калі ў адкрытай дамавіне мужыкі на плячах неслі вуліцай Арцёміху, раптам пацямнела неба, пасыпаліся перуны і як з вядра шугануў дождж. Жалобнае шэсце, што сфармавалася з сям’і ды ўсіх старых і малых жыхароў вёскі, разбеглася як ад удару гранаты. Кожны хаваўся, дзе мог. Той, хто не змог дабегчы да сваёй хаты, збіўся ў кучку пад старой ліпай, што як парасон зацяняла палову вуліцы каля Шварцавага гарода. Ліпа, святое дрэва, у яго не б’юць перуны. І ў гэты момант збылася як ніколі раней моц старога павер’я. Назіраць за ўсёй падзеяй не было як. Нас, дзяцей, запхнулі ўсярэдзіну і адрэзалі ад відовішча шчыльным колам, каб сваім целам і малітвамі атуліць маладняк перад атакай змрочных сіл. Колькі ўжо сапсавалася дзяцей ад чараў і пералёкаў! Найгорш, што не паспелі накрыць крышкай дамавіну, і пакінулі яе разам з нябожчыцай пасярод вуліцы. Здавалася, вось-вось вада залье дамавіну і сама памерлая выплыве са скрыні, грымне пад ляскат маланак сваім поўным целам на брук. Уяўленні катастрофы, на шчасце, не збыліся. Бура і чорныя хмары, як раптам нахлынулі з яснага неба, так раптам адплылі са свістам вятругі. Людзі атрэсліся ад жаху, і ўжо больш шчыльнай калонай, з набожнымі песнямі, правялі нябожчыцу на канец вёскі пад сіні развітальны крыж. Там бацюшка Аляксандр Пянько выказаў мірныя словы пра новапрадстаўленую, даў усім пацалаваць свой крыж і (...) |