Ніва № 19 (3652), 10 мая 2026 г.
Аўтар неўміручай „Пагоні”Уладзімір АРЛОЎСёння для вас, юныя чытачы „Нівы”, я падрыхтаваў чарговы аповед з маёй будучай кнігі. Нядаўна мы вялі гаворку пра наша нацыянальнае Адраджэнне на пачатку мінулага стагоддзя. Найбольш моцна Адраджэнне, якое ўрэшце прывяло да ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, праявіла сябе ў літаратуры. Якраз у той час загучалі галасы геніяльных песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Іхнім малодшым калегам і паплечнікам быў Максім Багдановіч. Яго творы таксама казалі ўсяму свету, што Беларусь жыве і будзе жыць, што наш край павінен стаць вольным. У бацькоўскім доме На свет Максім прыйшоў у 1891 годзе ў Мінску ў адукаванай інтэлігенцкай сям’і. Бацька Адам скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, дзе пазней вучыліся Якуб Колас і Кузьма Чорны. Багдановіч-старэйшы даследаваў звычаі і абрады старадаўніх беларусаў, надрукаваў пра гэта некалькі артыкулаў і кніг. Максімава маці Марыя таксама мела літаратурныя здольнасці Неўзабаве пасля нараджэння Максіма сям’я пераехала ў Горадню. Там прайшлі самыя раннія і бесклапотныя гады будучага паэта. Аднак сямейнае і дзіцячае шчасце было нядоўгім: калі хлопчыку ішоў шосты год, раптоўна памерла маці. Потым Адама Багдановіча перавялі на службу ў расейскі Ніжні Ноўгарад на Волзе, дзе Максім пражыў дванаццаць гадоў. Ён рос кемлівым і дапытлівым, найбольш любіў бавіць час з кнігамі. У багатай бацькавай бібліятэцы захоўваліся творы вядомых еўрапейскіх (...) |