Ніва № 19 (3652), 10 мая 2026 г.
Вершаўчытальня Андрэя СЦЕПАНЮКА (107). Яшчэ раз пра прамінаннеАндрэй СЦЕПАНЮКНедзе ўцякае ўсё, і не паўстрымаць яго... Нават, калі за акном зелянее ўжо травень, а можа май (дык у гадах маладосці толькі такую назву мы ведалі), усё, што яшчэ не так даўно было цікавым, праходзіць міма. І не затрымліваецца, і не пытае, і нават не глядзіць у гэты бок. А мы тут стаім, і ляжым і чакаем... толькі невядома ўжо чаго чакаем. Чакаем новага? Хіба ўжо не, бо не ведаем, што з тым новым зрабіць. Было ўжо яго так многа, што і галава не памясціла ўсяго і забылася тое новае, і нават не пастарэла, а і так уцякло з памяці. Вось тая памяць то дзіўная істота. Раз яна прыпамінае тое, аб чым так моцна хочаш забыць, а іншым разам не дапускае да поўнай свядомасці таго, аб чым выпадала б памятаць, а нават хацелася б, каб яно як найдаўжэй засталося. І няхай хтосьці скажа, што чалавек гэта самая разумная істота ў сусвеце, калі ён нават не ў змозе валодаць да канца сваёй свядомасцю. Зрэшты, ніхто ніколі не назваў ў сто адсоткаў істоты тое ж свядомасці. І што, плакаць будзем? І так таго ж плачу ўжо зашмат, а то вайна, а то сябры адыходзяць у вечнасць, а то боль цела большым бывае за боль душы. Мае браты збіраюцца разам — на святы, нарады, справы, што тычацца нас усіх. Але я сцярожна сачу наўкола. Я ўхіляюся ад сумесных сустрэч. Калі ўсе прысутнічаюць, нехта, хоць бы адзін, (...) |