Ніва № 14 (3647), 5 красавіка 2026 г.
Гуканне вясны — старадаўняя традыцыя беларусаўАлесь КРЫЖЭВІЧГуканне вясны — першае па часе веснавое свята, старажытны язычніцкі абрад. Звязана свята з абуджэннем стваральных сіл прыроды, надзей чалавека. Ад вясны ў значнай ступені залежаў дабрабыт чалавека, таму яе сустрэча адзначалася вельмі ўрачыста. Даследчыкі лічаць, што Гуканне вясны было найбольш уласцівае ўсходу Беларусі. У заходніх абласцях яно не было выразна акрэслена і злівалася з масленкавай абраднасцю. З гуканнем вясны звязана мноства магічна-рытуальных дзеянняў, якія суправаджаліся адпаведнымі заклікамі, заклінаннямі, песнямі, гульнявымі момантамі. Гэтыя дзеянні і абрадавыя творы вызначаліся і абумоўліваліся характарам працоўнай дзейнасці чалавека. Сам абрад набываў утылітарную ролю, станавіўся часткай складанага комплексу падрыхтоўкі будучага ўраджаю. Асноўныя рысы традыцыі Галоўнымі рысамі гэтага свята з’яўляюцца: выхад на высокае месца, паленне агню, спяванне гукальных песень. На Благавешчанне 25 сакавіка (7 красавіка) амаль па ўсёй Беларусі дзяўчаты пачыналі гукаць (клікаць) вясну. Звычайна само гуканне адбывалася ў нас так: гурты дзяўчат збіраліся на самыя высокія месцы, да гумнаў, гэтыя месцы яны высцілалі саломаю і пасеўшы там у шэраг, пелі да позняй ночы веснавыя песні. Гэтыя песні чулі тады на ўсіх падобных «зборнях» наваколля. Іншы раз спявалі па чарзе: у адным месцы пачыналі і спыняліся, у другім працягвалі пачатую песню. (...) |