Ніва № 12 (3645), 22 сакавіка 2026 г.
НяскораныяУладзімір АРЛОЎМае сённяшнія гераіні, з якімі хачу пазнаёміць шаноўных чытачоў „Нівы” — жанчыны, якія абралі сабе шлях змагання з антычалавечай уладай, з хлуснёю і гвалтам, якімі была прасякнутае рэчаіснасць у савецкай імперыі. Кожная з іх зведала няволю і пакуты, але не пашкадавала пра выбар, зроблены на карысць свабоды, праўды і справядлівасці. Гэтыя літаратурна-гістарычныя партрэты з’явяцца на старонках маёй будучай кнігі „Прыўкрасныя. Жанчыны ў гісторыі Беларусі”. Яе тэкст напісаны дзякуючы стыпендыі Прэзідэнта Беластока. Вера Касмовіч Лёс нашай гераіні — тыповы для сотняў суайчынніц, якія не скарыліся сталінскім катам і прайшлі па колах зямнога пекла, захаваўшы — каму пашчасціла выжыць — беларускую душы і веру ў незалежнасць Айчыны. Пасля сямігодкі, у 1942 годзе, Вера накіравалася пешкі ў Нясвіж і паступіла ў настаўніцкую семінарыю. Праз шмат гадоў яна ўспамінала: „Якраз з нясвіжскіх крыніц, з атмасферы гэтага гістарычнага места ўлілася ў розум і сэрца нацыянальная свядомасць”. У 1944 годзе прыйшло вызваленне ад нямецкіх акупантаў, але — не свабода. Як і да вайны, працягваліся хапуны, дэпартацыі, у вёсках, забіраючы апошняе, лютавалі фінагенты. Беларусы не скарыліся: ува ўсёй заходняй частцы рэспублікі адбываўся масавы, у тым ліку збройны супраціў. (За савецкім часам згадваць яго ў друку ці нейкім іншым чынам забараняла цэнзура. Цяпер пра гэта існуе значны корпус дакументальнай (...) |