Ніва № 08 (3641), 22 лютага 2026 г.
Бежанства — балючая гісторыяГанна ШАЙКОЎСКАЯ«Гэта кранальны аповед пра наша мінулае, нашу супольную гісторыю. Пра нашых прадзедаў і прабабуль» — такія ўражанні былі ў гледачоў дакументальнай кінастужкі «Бежанцы 1915-1922» у рэжысуры Юрыя Каліны, паказ якога адбыўся вечарам 11 лютага ў Гарадской публічнай бібліятэцы імя княгіні Анны Ябланоўскай у Сямятычах. Нягледзячы на халодны лютаўскі вечар у сямятыцкую бібліятэку прыйшло звыш трох дзясяткаў чалавек рознага ўзросту, каб паглядзець фільм пра бежанства. — Гэта адзін з балючых перыядаў нашай гісторыі і дагэтуль малавядомы, — кажа Эва Новік, дырэктар гарадской бібліятэкі. — Сярод жыхароў Сямятыч ёсць шмат нашчадкаў бежанцаў, нават і ў маёй сям’і. Мае прадзеды былі ў бежанстве і вярнуліся з Расеі, калі там пачалася рэвалюцыя. Ёсць шмат людзей, якія цікавяцца тэмай бежанства. А была яна невядомай і прыхаванай цягам шматлікіх гадоў. Я сама, можа гадоў дзесяць таму даведалася пра бежанства, калі людзі ўцякалі ад вайны, пераследу, — дадае Эва Новік. Дакументальная кінастужка «Бежанцы 1915-1922» Юрыя Каліны ўзнікла ў 2017 годзе і распавядае гісторыю найбуйнейшай вымушанай міграцыі ХХ стагоддзя ў нашай частцы Еўропы. Тады больш за тры мільёны чалавек уцяклі з тагачасных заходніх губерняў углыб Расійскай імперыі. Фільм адлюстроўвае трагічны лёс бежанцаў, у тым ліку сям’і рэжысёра. Яго прабабуля Сафія ўлетку 1915 года была вымушана пакінуць невялікую вёску Кашалі ў Бельскім (...) |