Ніва № 07 (3640), 15 лютага 2026 г.
У ценю паэзіі Надзеі АртымовічАндрэй СЦЕПАНЮКНа трэцім годзе жыццёвай адсутнасці Надзеі Артымовіч, і ў годзе яе васьмідзясятых угодкаў, хочацца глянуць на яе творчасць з перспектывы толькі і выключна чытача, а не асобы, якая мела гонар ведаць яе асабіста, і прымаць хаця невялікі ўдзел у яе зямным вандраванні. Кладу затым перад сваімі вачыма кніжкі яе аўтарства і пачынаю вандроўку ў свет Надзеі Артымовіч, той паэтычны, хаця Паэткай была яна ў кожную хвіліну свайго зямнога існавання. Не мог іначай пачацца яе паэтычны шлях, як ад вершаў у тыднёвіку „Ніва”(першыя з іх пабачылі свет у 1970 годзе), і першага зборніка, які не мог іначай называцца, як „Роздумы” (выйшаў у 1981 годзе). Ва ўступе да зборніка Юры Туронак піша: „Першы паэтычны зборнік Надзеі Артымовіч «Роздумы», які прапануецца ўвазе чытачоў, змяшчае амаль усе вершы створаныя на працягу 1979-1977 гг. Зборнік падзяляецца на тры тэматычныя цыклы...”. І тут паяўляецца нейкі дысананс, бо калі глянем у «Вікіпедыю» і іншыя крыніцы, якія пішуць пра паэтку, то прачытаем, што першай паэтычнай кніжкай Артымовіч была тая, выдадзеная ў 1979 годзе з вершамі перакладзенымі на польскую мову Янам Леанчуком „Wе śniе w bólu słowa”. Але мой тэкст не з’яўляецца навуковай працай і таму спакойна пераходжу да зборніка „Роздумы”, як таго першага. А той жа невялікі зборнічак, у якім сорак шэсць вершаў, паказвае вельмі выразна той мастацкі шлях, па якім ішла потым Надзея Артымовіч. Зрэшты, сам (...) |