Ніва № 04 (3637), 25 cтудзеня 2026 г.

БГКТ захоўвае традыцыю калядавання

Уршуля ШУБЗДА

«Гвязда і калядка» — культавы ўжо фестываль, ладжаны Беларускім грамадска-культурным таварыствам. Сёлета, 11 студзеня, у Пачатковай школе № 44 у Беластоку прайшоў ужо дваццаць сёмы раз, каб радаваць песняй і прыгожымі гвяздамі, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай кожнага калектыву калядоўшчыкаў.

Каляднай сустрэчы спрыяў не толькі калядны час — акрашаны двума святамі, і ў католікаў, і ў праваслаўных, але таксама зімовае надвор’е. Такой зімы не было ўжо даўно, а калі лічыць дакладна, то сем гадоў. Горад пакрыты снегам, мароз, рэзкае паветра... Гэта ўсё напэўна нагадвала старэйшым калядоўшчыкам іх ранейшыя вандроўкі па вёсках з каляднай зоркай, ці выступы на ранейшых фестывалях.

— Гэта ўжо традыцыя, доўгая гісторыя такіх сустрэч, — адзначыў старшыня БГКТ Васіль Сегень. — Многіх проста прыцягвае, каб прыняць удзел у якасці каляднікаў, але таксама і публікі, якая ахвотна, як бачым, прыходзіць паглядзець, паслухаць вось гэтую прыгожую калядную традыцыю.

Традыцыйна ўжо перад публікай прэзентаваліся калектывы, якія адрозніваліся не толькі рэпертуарам, але і ўзроставым складам. Розніцы можна было б пералічваць без канца, бо вядома, што кожны калектыў — асаблівы, таму гледачы да самага канца прыглядаліся з радасцю выступам і слухалі блізкіх сэрцу калядак.

Хор «Куранты» з Бельска-Падляшскага даў вельмі прафесійны і дынамічны канцэрт. Калядкі ў іх выкананні гэта магутныя песні, якія (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF