Ніва № 03 (3636), 18 cтудзеня 2026 г.
Айчына пачынаецца з жанчыныУладзімір АРЛОЎБез жанчын немагчыма ўявіць мінулае кожнага еўрапейскага народа, але датычна гісторыі беларускай можна казаць пра своеасаблівы феномен. Ад самых першых яе стагоддзяў менавіта прадстаўніцы зусім не слабой паловы насельніцтва нашай зямлі — прыгожыя, таленавітыя, адважныя — адыгрывалі надзвычай важную, а то і лёсавызначальную для Айчыны ролю. Айчына пачынаецца з жанчыны. Мая новая кніга „Жанчыны ў гісторыі Беларусі”, створаная пры падтрымцы стыпендыі Прэзідэнта Беластока, павінна вас у гэтым пераканаць. Сёння прапаную шаноўным чытачам „Нівы” падарожжа ў часы Сераднявечча. Рагнеда Рагвалодаўна Каб не яна, мы маглі б не мець сваёй дзяржавы. Рагнеда, як і яе бацька полацкі князь Рагвалод, — першыя вядомыя асобы айчыннай гісторыі. Бальшыня гісторыкаў лічаць, што яны мелі скандынаўскае паходжанне. (Наогул для Еўропы даволі тыпова, калі дзяржаву і манархічную дынастыю засноўваюць чужаземцы.) Але для нас нязмерна важней за спрэчкі гісторыкаў іншае — у сярэдзіне Х стагоддзя запачаткавалася болей чым дзесяцівяковая традыцыя нашай дзяржаўнасці. Альянсу з Полацкам тады шукалі і Кіеў, і Ноўгарад. Замацаваць гэты саюз мог шлюб з полацкай князёўнай. Калі прыехалі ноўгарадскія сваты ад князя Уладзіміра, Рагнеда (у дванаццаць гадоў княскія дочкі тады лічыліся нявестамі) ужо была прасватана за кіеўскага Яраполка, і пасольства атрымала адмову. Летапісцы дадаюць: (...) |