Ніва № 03 (3636), 18 cтудзеня 2026 г.
У бібліятэцы ў Дубічах-Царкоўных. Размова з кіраўніком Гміннай публічнай бібліятэкі ў Дубічах-Царкоўных Міраславай Семянюк-Мараўскай.Аляксей МАРОЗ— У мінулым годзе выйшаў зборнік «Паміж учора і заўтра. Творчасць жыхароў гміны Дубічы-Царкоўныя» з творамі, якія вы сабралі. — Выдадзены Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку зборнік, гэта другая частка маёй задумы выдаваць творчасць жыхароў нашай гміны. У 2018 годзе нашай бібліятэкай, у рамках рэалізацыі праекта, быў выдадзены намнога меншы зборнік «Акравкі. Было, ёсць, будзе. Творчасць гміны Дубічы-Царкоўныя», у якім змешчаны былі творы на беларускай літаратурнай мове і па-свойму Зіны Гаўрылюк, Монікі Старасельнік, Дамінікі Раманюк, Ружы Качмарак, Наталлі Бялевец, Славаміра Куліка і Міколы Панфілюка. Апошні зборнік «Паміж учора і заўтра» багаты на як на аўтараў, так і на ілюстрацыі. У ім змешчаны творы пяці аўтараў на беларускай літаратурнай мове, чатырох — па-свойму, двух — на польскай мове і аднаго — на рускай. У Дубічах-Царкоўных жыве вельмі таленавітая Вікторыя Стабрыла, якой рысункі ўпрыгожваюць новавыдадзеную кніжку. Змясцілі мы яе 10 карцін, партрэты, кветкі і краявіды, якія намалявала, калі ёй было 14 гадоў. Зараз Вікторыя Стабрыла вучыцца ўжо ў Гайнаўцы. — Які тэматычны дыяпазон твораў, што ўвайшлі ў кнігу? — Марыя Галёнка з Тафілаўцаў піша аб сваім жыцці, успамінае моладасць. Гэта старэйшая асоба, якая пачала нядаўна пісаць па-свойму. Сентыментальная вартасць яе (...) |