Ніва № 47 (3628), 23 лістапада 2025 г.
Каб жыла Бацькаўшчына (ч.ІІ)Уладзімір АРЛОЎСпаўняецца 105 гадоў Слуцкаму збройнаму чыну. Тады, у лістападзе 1920 года, пачалося самае маштабнае змаганне за беларускую незалежнасць пад сцягамі БНР. Больш за месяц тысячы нашых продкаў са зброяй у руках супрацьстаялі шматкроць мацнейшым бальшавіцкім сілам. Частка случакоў, працягваючы барацьбу, засталася на падкантрольнай саветам тэрыторыі і пазней. Тыя падзеі далі айчыннай гісторыі нямала герояў. Іх імёны замоўчваліся ў савецкія часы, пад забаронаю яны і пры цяперашнім рэжыме. Прапаную чытачам „Нівы” некалькі аповедаў пра тых, хто — як яны самі казалі — пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына. Сяргей Бусел На пражскіх вуліцах у сярэдзіне 1920 гадоў можна было сустрэць высокага, модна апранутага пагляднага юнака, на якога часта азіраліся жанчыны. Сведчанняў пра ягоныя любоўныя перамогі не захавалася, затое добра вядома, што многія вечары гэты студэнт Вышэйшай тэхнічнай школы прысвячаў беларускім справам. Рэкамендацыю на навучанне Сяргею Буслу (тамтэйшыя беларусы часам лічылі, што гэта не прозвішча, а мянушка) даў сам тагачасны прэм’ер-міністр БНР Вацлаў Ластоўскі. У Празе Сяргей блізка сышоўся з лідарамі Беларускай партыі эсэраў, да якой і сам належаў — Палутай Бадуновай, Тамашом Грыбам і Язэпам Мамонькам, якія таксама мусілі выехаць у эміграцыю. Усе яны былі старэйшыя, але Бусел карыстаўся ў іх павагаю: за плячыма ў хлопца ўдзел у нелегальным руху, у арганізацыі (...) |