Ніва № 41 (3622), 12 кастрычніка 2025 г.
17-ы Археалагічны фэст «Збуч-Гарадзішча 2025»Міхал ІВАНЮКУ нядзелю пасля абеду, 21 верасня, на гарадзішчы каля вёскі Збуч раннесярэднявечнае мінулае на імгненне злілося з сучаснасцю. Гэта адбылося дзякуючы 17-му Археалагічнаму фэсту, які прайшоў пасля двухгадовага перапынку. На фэсце наведвальнікі маглі назіраць і, хаця б на хвіліну, адчуць, якім было жыццё ў раннесярэднявечным паселішчы на нашых землях больш за тысячу гадоў таму. Гэта адбылося дзякуючы атмасферы фэсту і рэканструктарам, якія прыбылі на гарадзішча. Дзякуючы Гміннаму культурнаму цэнтру і Публічнай бібліятэцы ў Чыжах, падтрымцы Падляшскага ваяводства, а таксама мясцовым установам і ініцыятывам наведвальнікі гарадзішча змаглі паўдзельнічаць у сапраўды яркім уроку гісторыі. Гарадзішча ў Збучы ўзвышаецца над мясцовасцю. На ім калісьці знаходзілася раннесярэднявечная крэпасць з частаколам. Рэшткі яе бачны на гарызонце, калі пад’язджаць да Збуча з боку бліжэйшага чыгуначнага прыпынку ў вёсцы Мора. — Мы знаходзімся ў Чыжоўскай гміне, у крэпасці Збуч. Мяркуецца, што гарадзішча было заснавана каля 870 года, каб мясцовае насельніцтва магло схавацца там у выпадку небяспекі, напрыклад, ад нападу яцвягаў ці іншых агрэсараў таго часу. Сёння гарадзішча ўяўляе сабой вал, які акружае круг дыяметрам 115 метраў, але раней на вале быў вялікі дубовы частакол, таму паміж 870 і 950 гадамі гэта была абарончая крэпасць. У 950 годзе тут адбыўся магутны пажар, і ўсё згарэла. (...) |