Ніва № 40 (3621), 5 кастрычніка 2025 г.
Шматлюднае свята ў СакахАляксей МАРОЗШматлікія паломнікі 18 і 19 жніўня прыбылі на Дзмітрыеўскую горку каля Сакоў на святкаванне Праабражэння Гасподняга, якое ў народзе называюць «Спасам». Свята адзначаецца асабліва ўрачыста. Сёлета разам з вернікамі малілася многа святароў, а малітвы ўзначаліў епіскап Сямятыцкі Варсанофій. За багаслужбамі ў царкве і за ўсім святкаваннем наглядалі манахі Мужчынскага манастыра святога велікамучаніка Дзмітрыя Салунскага ў Саках, які ўжо 24 гады паспяхова разгортвае сваю дзейнасць. Калі я 19 жніўня на аўтамабілі ехаў у наваколле Дзмітрыеўскай горкі, аўтамабілі паломнікаў стаялі паабапал дарогі, пачынаючы амаль ад самой вёскі Сакі. Шмат машын стаяла таксама паабапал дарогі ў напрамку вёскі Тапаркі і на вялікай стаянцы. На Дзмітрыгорцы было ўжо многа людзей, якія маліліся ў Дзмітрыеўскай царкве. Аднак найбольш людзей стаяла на цвінтары паміж старымі драўлянымі крыжамі і новымі шыкоўнымі помнікамі. Цень давалі старыя тоўстыя дрэвы, што акружаюць царкву на ўзгорку. Частка паломнікаў падчас усяночнай багаслужбы на «Спаса» моляцца на Грабарцы, а на наступны дзень прыязджаюць у Сакі і можа таму асабліва шматлюдна было тут у час галоўнай святочнай літургіі. Раней служылася начная літургія, асвячалася вада і чытаўся акафіст святому Дзмітрыю Салунскаму. Святар у пропаведзі ў час галоўнай літургіі гаварыў пра патрэбу ўнутранага праабражэння дзеля жыцця паводле Божых запаведзей і заклікаў вернікаў любіць (...) |