Ніва № 33 (3614), 17 жніўня 2025 г.
Што чуваць у «нашым ліцэі»?Уршуля ШУБЗДАЗванкоў пакуль не чуваць, але паколькі да новага навучальна года засталося ўжо толькі тры тыдні, то варта заглянуць у беларускія асветныя пляцоўкі на Падляшшы. Самым вядомым, таксама дзякуючы медыйнаму шуму, з’яўляецца Беларускі ліцэй у Гайнаўцы. Эва Жукавіцкая, віцэ-дырэктар ліцэя размаўляе з «Нівай» аб мінулым і будучым навучальным годзе. — Пані дырэктар, я чула, што больш за сто вучняў хоча вучыцца ў вашай пляцоўцы. — Так, да нас дакументы падало 103 вучняў. Сёння (31 ліпеня — рэд.) мы атрымалі са староства згоду на адкрыццё чатырох класаў, у тым ліку аднаго двухмоўнага класа, у якім маладыя людзі будуць дадаткова мець больш гадзін на беларускую мову. Гэта наш поспех і вельмі добра сведчыць аб нашай школе. Нашы вучні, бацькі, хочуць вучыцца так, як мы задумалі. Каб школа давала ім развіццё не толькі ў плане адукацыі, але таксама, каб пазнавалі беларускую культуру і мастацтва. — Як разумею, будуць чатыры класы, у тым ліку адзін беларускамоўны, дзе вучні будуць мець пабольшаную колькасць заняткаў па беларускай мове. А што з апошнімі трыма класамі? — Апошнія тры класы будуць з беларускай мовай, але будзе ёй менш, будзе і інфарматыка, і фізіка, і біялогія, і хімія, будзе таксама клас з большай колькасцю польскай мовы ці гісторыі. У нас кожны вучань выбірае свой кірунак, свой план. Выбірае, якім прадметам хоча вучыцца, якім мовам у расшыраным плане, а якім у падставовым. Гэта плюс (...) |