Ніва № 27 (3608), 6 ліпеня 2025 г.
Да зброі, літвіны!Уладзімір АРЛОЎСёлета спаўняецца 195 гадоў ад пачатку вызвольнага паўстання 1830-1831 гадоў, вядомага ў Польшчы як Лістападаўскае. На землях былога Вялікага Княства Літоўскага яно выбухнула на некалькі месяцаў пазней, але таксама набыло размах: за зброю ўзяліся 35 тысяч патрыётаў. Аддзеламі змагароў нярэдка камандавалі тыя, хто ў маладосці быў паплечнікам Тадэвуша Касцюшкі альбо ваяваў пад сцягамі Напалеона. Якраз у гэтыя чэрвеньскія дні на Панарскіх гарах пад Вільняй адбылася адна з найбуйнейшых бітваў: злучаныя сілы паўстанцаў сустрэліся з 25-тысячным расійскім войскам. Баталія доўжылася восем гадзін. Нашы самаахвярна супраціўляліся, але ворагаў было ўдвая болей і яны мелі непараўнальна лепшую зброю... Тыя падзеі даюць нагоду зноў прапанаваць чытачам „Нівы” старонкі маёй будучай кнігі „Імёны Свабоды”. Вы сустрэнецеся з вядомымі ўдзельнікамі і героямі даўніх, але незабытых дзён. Звестак пра дзейнасць некаторых з іх захавалася няшмат, але я імкнуўся стварыць запамінальныя партрэты паўстанцаў. Францішак Міцкевіч Жыве легенда, паводле якой павітуха, што прымала роды ў сям’і Міцкевічаў, пупавіну нованароджанаму Адаму перарэзала, паклаўшы хлопчыка на кнігу. Таму, маўляў, бацькі зрабілі выснову: будзе пісьменнікам. Гісторыя традыцыйна прыпісваецца брату паэта Аляксандру, які распавёў яе ва ўспамінах. Аднак, калі разабрацца, узнікаюць пэўныя сумневы. Гэта быў брат, маладзейшы за Адама, (...) |