Ніва № 27 (3608), 6 ліпеня 2025 г.
Шпацыр па здзічэлым лесе (14)Ганна КАНДРАЦЮКДом, дзе паселяць Альбіну, не раз і не два служыў прыстанішчам для пагарэлых і бяздомных. Ён з саліднага дзерава, прасторны, на дзве палавіны. І гэта не дзіва, хату яшчэ да вайны, пабудаваў брат Васіля, ляснік. Ён загіне ў нявысветленых абставінах, не вернецца з лесу. Яго знікненне патлумачаць помстай: — Той Грыша жорстка абыходзіўся з людзьмі! Калі паспрабую прыгадаць выгляд і настрой гэтай хаты, спачатку пачую як скрыпіць драўляная падлога. Яна вышараваная як пад вялікае свята, без паласатых ходнікаў, дываноў, як заведзена ў тутэйшых гаспадынь. Тут не скажуць здымаць абутак, не папракнуць, што кошкаеш ходнікі. У сенях адна драбіна прыстаўлена да раскрытага ўлазу на грышча. Няма тут засекаў са збожжам, вядра з секачом, дзвярэй да каморы. Калі захляснеш за сабой уваходныя дзверы, на галаву апускаецца цемра і непрыемны халадок. З незразумелым лякам, пераступіш парог на кухню, а яна, тая кухня зусім як не кухня, ніяк не падыходзіць да абжытага ачагу, хутчэй напамінае прыёмны хол, у якім чакаюць сваёй чаргі наведнікі. У вочы кідаецца лава-ляжанка з габляваных дошак, па правай руцэ хлебная печ, стол пры акне. На печы ні аднаго гаршка, ніякай піранкі з гусінага крыла, вянкоў цыбулі. Печ з белай кафлі, быццам для моды. У ёй даўно не палілі, не гатавалі стравы, не выпякалі хлеба. Ад яе пазяхае бліскучай халадэчай. Увагу прыцягае стол размаляваны белай фарбай і белае акно без фіранак і засланкі. (...) |